У нядзелю 25 кастрычніка на пляцы віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася знамянальная падзея — устанаўленне першага ў горадзе над Дзвіною місійнага каталіцкага крыжа.
Ён быў усталяваны ў памяць аб святых місіях, якія прайшлі ў катэдральнай парафіі 18 па 25 кастрычніка і сталіся для вернікаў, святароў і кансэкраваных асобаў не толькі часам роздуму над сутнасцю веры, але і часам узмацнення, духоўнага ўзрастання парафіяльнай супольнасці. Восем дзён, цягам якіх людзі разам з місіянерамі і сваімі святарамі маліліся, разважалі, размаўлялі, мінулі хутка, а памяць у выглядзе крыжа з укрыжаваным Езусам на пляцы пры ўваходзе ў святыню застанецца назаўсёды.


Ініцыятарам правядзення ў парафіі святых місій стаўся яе пробашч ксёндз канонік Валеры Орсік. А правялі місіі айцы Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля Анджэй Ядыкоўскі і Віктар Бохан. Дасціпныя, кантактныя, дасведчаныя ў пытаннях рэлігійнага жыцця місіянеры ад першага дня знайшлі з вернікамі агульную мову, здолелі зацікавіць кожнага з прысутных небанальным падыходам да прапанаваных тэмаў. «Бог ёсць любоў», «Вера і навяртанне», «Калі чалавек памірае», «Езус — мой Пан», «Вось Маці твая», «Будзьце сведкамі» — усе гэтыя тэмы занёмыя і звыклыя, але яны даюць магчымасць кожнаму прааналізаваць уласны светапогляд, абнавіць сваю веру.

Крыж асвяціў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Ён жа цэлебраваў па асвячэнні крыжа і святую Імшу. Казанне прамовіў айцец Анджэй Ядыкоўскі. Сярод інтэнцый, што прагучалі падчас Імшы, была таксама і інтэнцыя аб хутчэйшым вяртанні на радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У парафіяльнай урачыстасці ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыяцэзіяльнай курыі, а таксама вернікі з іншых парафій горада.
Францішак Дубраўскі
Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава