Збор подпісаў пад адкрытым лістом хрысціянаў Беларусі
03.12.2020 | Падзеі

Пад лістом падпісалася ўжо больш за 5 тыс. чалавек.


АДКРЫТЫ ЛІСТ ХРЫСЦІЯН БЕЛАРУСІ

«Крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэнне»
(
Біблія, гл. Кніга прарока Ераміі)

Мы, вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і грамадствам, заяўляем:

  • Свядомае скажэнне інфармацыі пра вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжэсведчанні ў судах, дэзынфармацыя ў СМІ, заведама неправасудныя рашэнні — гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і вялікі грэх. Не хлусь, не кажы ілжывага сведчання на блізкага твайго — гэта Божая запаведзь.
  • Выкарыстанне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць. Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна. Маўчаць пра беззаконні — значыць прычыняць пакуты дзясяткам тысяч чалавек па ўсёй краіне. 

«Агіда душы Яго: вочы ганарыстыя, язык хлуслівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў, сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства, ілжывы сведка, які хлусіць…»
(Біблія, гл. Прыпавесці Саламона)

Узвышаць голас за праўду і справядлівасць — гэта ўнутраная патрэба хрысціян, якія жывуць у адпаведнасці з евангельскім маральным законам і ў згодзе з сумленнем, якое з’яўляецца голасам Божым.

Таму мы, хрысціяне Беларусі, заклікаем кожнага чалавека, які прадстаўляе дзяржаўныя органы, зрабіць усё, што ад вас залежыць, каб:

  1. Спыніць гвалт у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія мірна выказваюць сваё меркаванне пра сітуацыю ў краіне, што гарантуецца артыкулам 33 Канстытуцыі РБ. 
  2. Аднавіць законнасць. Для гэтага неабходна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія парушылі законы РБ. 
  3. Правесці новыя прэзідэнцкія выбары ў самыя кароткія тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам РБ. Выбары павінны адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам.

Упэўненыя, што выкананне гэтых патрабаванняў здыме прэтэнзіі грамадзян Беларусі да ўладаў і адновіць грамадскі спакой.

Мы спачуваем усім пацярпелым. Сэрцы хрысціян Беларусі і дзверы нашых цэркваў адчыненыя для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, незалежна ад палітычных перакананняў.

Мы падтрымліваем грамадзян Беларусі, якія рэалізуюць дадзенае Богам і пацверджанае Канстытуцыяй РБ права на свабоду меркаванняў і перакананняў, іх свабоднае выказванне ў рамках закона без ужывання гвалту.

Мы просім кожнага маліцца Богу і рабіць усё, што ад яго залежыць, каб аднавіць мір, згоду і справядлівасць у нашым агульным доме — Беларусі. 

Мы заклікаем усіх хрысціян публічна выказацца супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі, таму што маўчанне азначае супрацоўніцтва з прыгнятальнікамі.

Падпісаць ліст >>

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней