Новы нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны каштоўнасці жыцця

Як заўсёды, напрыканцы года, напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння мы прысвячаем снежаньскі нумар часопіса «Ave Maria» тэме жыцця, абароне жыцця і яго каштоўнасцяў.


Нашая Радзіма апынулася ў віры падзеяў, звязаных з унутраным і агульным сусветным крызісам, таму цяпер, як ніколі раней, неабходна маліцца за яе. У гэтым нумары мы публікуем «Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў небяспецы пандэміі каранавірусу і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі», а таксама тэкст навэнны за Айчыну і «Літанію нашых дзён», складзеную благаслаўлёным кс. Ежы Папялушкам у 1982 годзе, але актуальную і сёння.

Мы дзелімся з вамі, шаноўныя чытачы, урыўкамі з інтэрнэт-дзённіка біскупа Юрыя Касабуцкага «Молімся за нашу родную Беларусь...» і запрашаем падпісацца на яго старонку ў Facebook.

У традыцыйнай рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD разважае пра значэнне ўрачыстасці Божага Нараджэння ў жыцці хрысціяніна, заклікае нанова адкрываць для сябе глыбокі сэнс гэтага свята, якое мы так любім.

Прапануем вам, рыхтуючыся годна перажыць урачыстасць, паразважаць над словамі гаміліі папы Бэнэдыкта XVI «Бог аб’явіўся», які мы публікуем у новым нумары часопіса «Ave Maria».

Разважанню аб мацярынстве Марыі прысвечаная 6-я частка з серыі духоўных практыкаванняў на тэму мацярынскай любові паводле рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF.

Завяршаецца пастырскі год, прысвечаны 100-гадоваму юбілею з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ, і мы дзелімся з вамі разважаннямі святога Папы аб сям’і. Святочны настрой паклікана стварыць і паэтычная старонка часопіса, дзе мы прапануем чытачам урыўкі з цыклу вершаў Ірыны Багдановіч «Следам Святога Айца Яна Паўла ІІ».

У часы сусветнага крызісу многія людзі, падштурхнутыя навакольнымі падзеямі, перажываюць асабісты крызіс, не ведаюць, як спраўляцца з тым, што адбываецца. Гэтай тэме прысвечанае грунтоўнае інтэрв’ю Вольгі Адамовіч з а. Раманам Шульцам ОР. У друкаванай версіі часопіса «Ave Maria» мы змяшчаем частку гэтага інтэрв’ю, а поўны тэкст разважанняў а. Рамана Шульца ОР можна будзе прачытаць на нашым сайце ave-maria.by.

Крызісу сям’і і сямейных каштоўнасцяў прысвечаны артыкулы «Урокі гісторыі» Юліі Шэдзько. А Кацярына Дурко піша пра каштоўнасць чалавечага жыцця ва ўмовах змагання з каранавірусам і грамадска-палітычнага крызісу.

Перажываючы цяжкасці і страты, мы часта задумваемся пра тое, чаму Бог увогуле дапускае пакуты, чаму добрыя людзі вымушаны цярпець выпрабаванні і боль. Пра гэта разважае ў сваім эсэ «Пытанне пакутаў» англійскі пісьменнік і тэолаг К. С. Льюіс. Прапануем вам некаторыя ўрыўкі з гэтага твору.

Дзякуем вам, дарагія чытачы, за тое, што дзеліцеся з намі сваімі сведчаннямі жыцця і веры, якія мы з радасцю публікуем. У гэтым нумары друкуем урыўкі з лістоў, дасланых нам, і дзелімся з вамі прыгожым дзённікам зняволення музыкі Андруся Такінданга, а таксама распявадаем аб прыгожым жыццёвым шляху смаргонскай парафіянкі Валянціны Казіміраўны Валадзько, маці 11-ці дзяцей.

Многіх сёння цікавіць пытанне, дзе паглядзець трансляцыю Імшы ў інтэрнэце. У гэтым нумары мы скіруем вас на самыя папулярныя сайты, дзе штодня можна трапіць на святую Імшу online.

Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» шчыра віншуе ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Мы рады працаваць для вас і цешымся, што вы перажываеце ўрачыстасці разам з намі!

Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы і ёсць шмат цікавых рубрык: «Стол Божага слова», «З паэтам», «Добры рэпост», «Musica sacra» і іншыя.

Падпісвайцеся на нашыя сацсеткі:

Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней