Біскуп Казімір Велікаселец уступіў на пасаду Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

21 студзеня ў Мінску прайшла сустрэча членаў Калегіі кансультантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, на якой адбыўся акт уступлення на пасаду Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, - піша Catholic.by, афіцыйны партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.


Сустрэчу распачаў малітвай Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён шчыра падзякаваў усім прысутным за шматгадовае супрацоўніцтва, абяцаючы сваю малітву і падтрымку, а таксама служэнне парадамі і дапамогай у выпадку патрэбы.

Пасля кароткага ўступнага слова канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі зачытаў Дэкрэт Кангрэгацыі па справах Біскупаў ад 3 студзеня 2021 года на лацінскай мове, якім тытулярны біскуп Бланды і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Калі Дэкрэт быў прачытаны і паказаны прысутным, біскуп Казімір Велікаселец публічна прачытаў Вызнанне веры і падпісаў акт уступлення на пасаду.

Звяртаючыся да ўсіх членаў Калегіі, Апостальскі адміністратар падзякаваў ім і папрасіў аб дапамозе ў выкананні ўскладзеных на яго абавязкаў.

Пасля гэтага члены Калегіі кансультантаў перайшлі да абмеркавання бягучых спраў. Быў разгледжаны шэраг пытанняў, звязаных з працай Мінскага тэалагічнага каледжа iмя святога Яна Хрысціцеля і дзейнасці парталу Catholic.by. Акрамя таго, паступілі прапановы адносна адзначэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі года святога Юзафа і 800-годдзя з дня нараджэння для неба святога Дамініка.

Удзельнікі сустрэчы агучылі шматлікія просьбы ад вернікаў, якія паступаюць з усёй Беларусі, аб магчымасці аднаўлення трансляцыі нядзельнай святой Імшы на беларускім радыё.

Было вырашана ў чарговы раз падаць кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі просьбу аднавіць гэтыя трансляцыі, якія слухала вялікая колькасць людзей, пераважна пажылых, па ўсёй краіне.

Сустрэча завяршылася малітвай праз заступніцтва Багародзіцы, якую ўзначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Нагадаем, што ў нядзелю 24 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Казіміра Велікасельца.


Тэкст і фота: ксёндз Аляксандр Улас, Catholic.by

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней