Выйшаў новы нумар часопіса «Ave Maria», прысвечаны Хрыстоваму Уваскрасенню

Красавіцкім нумарам часопіса «Ave Maria» мы адзначаем урачыстасць Уваскрасення Збаўцы. Як на працягу Вялікага посту вернікі разважалі над пакутамі Збаўцы, праходзячы Яго Крыжовым шляхам, так цяпер давайце пройдзем стацыямі Дарогі святла з дапамогаю разважанняў, якія мы вам прапануем.


Нашая сталая рубрыка «Школа малітвы» з айцом Юрыем Кулаем OCD дапаможа глыбей асэнсаваць значэнне Уваскрасення Хрыста, а разам з ксяндзом Андрэем Рылкам у рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» мы паразважаем, пра што нельга забывацца ў падрыхтоўцы да Пасхі.

Артыкул «Разнастайная Пасха» распавядае аб незвычайных традыцыях святкавання ўрачыстасці — магчыма, некаторыя з іх прыдадуцца і вам, дарагія чытачы!

У размове з Тэрэсай Клімовіч айцец езуіт Віктар Жук SJ дзеліцца сваім досведам аб тым, як жыць Уваскрасеннем не толькі ў пасхальныя святы. Кожная нядзеля на працягу ўсяго літургічнага году — напамін аб Хрыстовым Уваскрасенні. Пра тое, як сапраўды зрабіць нядзелю гэтым напамінам, разважае наш аўтар Арцём Ткачук.

 2021 год абвешчаны Апостальскай Сталіцай Годам святога Юзафа, і ў гэтым нумары часопіса «Ave Maria» мы друкуем Дэкрэт Яго Эксцэленцыі біскупа Казіміра Велікасельца аб умовах атрымання поўнага адпусту. У гэты год мы будзем імкнуцца глыбей разважаць пра хрысціянскае бацькоўства. Чарговы матэрыял з гэтай серыі — інтэрв’ю з сямейным псіхолагам Ірынай Шмак «Ролі мужчыны і жанчыны ў бацькоўстве».

У гэты год вернікі Беларусі адзначаюць таксама 30-годдзе адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. У гэтым нумары «Ave Maria» мы дзелімся з вамі незвычайнай гісторыяй адраджэння святыні ў Старынках з дапамогаю найкаштоўнейшага сведчання — дзённіка Станіславы Новік, і яе вачыма ўбачым, як разгортваліся падзеі і як амаль паўвека доўжылася барацьба вяскоўцаў за сваю святыню і яе рэліквію — старажытную фігурку Езуса.

Гэты пасхальны месяц багаты на радасныя падзеі: разам з вернікамі наш калектыў шчыра віншуе з 30-годдзем біскупскай сакры і з 45-годдзем святарства Яго Эксцэленцыю біскупа Аляксандра Кашкевіча; з 55-гадовым юбілеем — ксяндза Ігара Лашука, пробашча парафіі ў Стоўбцах; а ксёндз Алойзы Шулік з Даўгінава адзначае ажно тры юбілеі — 65 гадоў жыцця, 25 гадоў пастырскай дзейнасці на Беларусі і 20-годдзе служэння ў парафіі. Шаноўныя пастыры, шчыра дзякуем вам за адданае служэнне, молімся за вас і жадаем, каб Пан Бог заўсёды падтрымліваў вас на шляху сваёю ласкаю!

Паважаныя чытачы, шчыра дзякуем вам за вашыя лісты і водгукі! У гэтым нумары часопіса мы друкуем пасхальныя вершы з «Паэтычнай пошты» і артыкул нашай чытачкі Вольгі Заянчкоўскай, бібліятэкаркі з Астраўца, якая дзеліцца сваімі уражаннямі ад важнай падзеі — імпрэзы, прысвечанай памяці ксяндза Казіміра Сваяка.

Запрашаем вас, шаноўныя, пісаць нам і дзяліцца сваімі думкамі. Запрашаем таксама часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы.

Нашыя сацсеткі:

Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней