Выйшла кніга «In Sinu Jesu. Малітоўны дзённік аднаго святара»

«Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў (in sinu Jesu) на грудзях Езуса».

Гл. Ян 13, 23

У Віцебскай дыяцэзіі выйшла кніга «In Sinu Jesu. Малітоўны дзённік аднаго святара» на рускай мове. Кніга ўяўляе сабой малітоўны дзённік бэнэдыктынскага манаха з Ірландыі, які пажадаў застацца невядомым. У 2007 годзе падчас малітвы на адарацыі ён пачуў голас Езуса. У сваіх словах Езус асаблівым чынам звяртаўся да святароў, заклікаючы іх больш часу праводзіць з Ім на адарацыі, пры гэтым пасланне Езуса датычыць, безумоўна, кожнага чалавека. У кнізе Езус заклікае да аднаўлення адносінаў з Ім праз адарацыю, каб яна прынесла як мага большы плён у жыцці хрысціяніна.


Кніга «In Sinu Jesu» выйшла на рускай мове з дазволу Віцебскага біскупа Алега Буткевіча, дзякуючы намаганням ксяндза Яўгена Шымановіча, які служыць у Глыбокім.

Калі ксёндз Яўген вучыўся ў семінарыі ў Аўстрыі, там святарамі і семінарыстамі было створана невялікае аб’яднанне Priesterforum, каб асаблівым чынам працаваць для памнажэння пакліканняў і абнаўлення святарства. Ксёндз Яўген быў таксама ў гэтай групе. Ужо тады кніга «In Sinu Jesu» была вельмі папулярнаю ў англамоўнай прасторы. Яна моцна паўплывала на многіх людзей і нават стала бестселерам на Amazon, сабраўшы шматлікія пазітыўныя водгукі, у тым ліку ад аўтарытэтных людзей у Касцёле. Таму аб’яднанне Priesterforum вырашыла перакласці кнігу на нямецкую мову. Не дзіва, што перакладзеная кніга таксама хутка разышлася. Урэшце, калі ксёндз Яўген прыехаў служыць у Беларусь, дзякуючы аб’яднанню Priesterforum і намаганням святара ўдалося выдаць кнігу і на рускай мове, каб яе змаглі прачытаць людзі як у Беларусі, так і ў іншых краінах рускамоўнай прасторы.

Для больш зручнага распаўсюду кнігі «In Sinu Jesu» на рускай мове быў створаны спецыяльны сайт insinujesu.ru, які змяшчае асноўную інфармацыю пры выданне і аб тым, дзе можна кнігу набыць, а таксама водгукі пра кнігу. Вось некаторыя з іх:

Кардынал Рэйманд Лео Берк, патрон Мальтыйскага ордэна:

«<…> Я шчыра спадзяюся, што „In Sinu Jesu“ натхніць многіх святароў яшчэ больш аддана ўшаноўваць эўхарыстычнае Аблічча Езуса і тым самым знайсці сілы і адвагу, каб паказаць Аблічча Хрыста нашаму секулярызаванаму грамадству».

Айцец Іахім Шварц-Мюллер, Крэфельд, Германія:

«„In Sinu Jesu“ валодае сілаю, неабходнаю, каб запаліць у сэрцах веруючых прагу эўхарыстычнай адарацыі. У гэтай кнізе выказана жаданне нашага Пана падарыць нам сваё сяброўства, вылечыць нашыя раны і такім чынам абнавіць Касцёл. Ужо некалькі гадоў словы гэтай кнігі спадарожнічаюць мне ў маім святарскім служэнні. Яны глыбока ўвайшлі ў маё сэрца і працягваюць суцяшаць і ўмацоўваць мяне заўсёды, калі я забываюся, Хто з’яўляецца маёй „першай любоўю“. Няхай гэтая кніга здзейсніць рэвалюцыю Любові і захопіць мноства сэрцаў!»

У эфіры «Радыё Марыя» ксёндз Яўген Шымановіч, расказваючы пра кнігу «In Sinu Jesu», звярнуў увагу на тое, што змест кнігі цалкам згодны са Святым Пісаннем і Традыцыяй Касцёла, а выданне ўжо атрымала вельмі пазітыўныя водгукі ад Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча, біскупа Аляксандра Кашкевіча, ад некаторых украінскіх біскупаў, а таксама ад духоўных айцоў нашых беларускіх духоўных семінарыяў. Дарэчы, многія семінарысты падчас Вялікага посту свае духоўныя разважанні грунтавалі на кнізе «In Sinu Jesu».

Больш інфармацыі пра кнігу можна пачуць ад самога ксяндза Яўгена ў эфіры «Радыё Марыя», а таксама на сайце insinujesu.ru.

Набыць кнігу можна:

  • на сайце Читатель.by або купіць па адрасе: г. Мінск, вул. Сыракомлі, 7-310;
  • у касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) у касцёльным кіёску;
  • у «Акадэмкнізе» ў Мінску па адрасе: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72 або г. Мінск, вул. Багдановіча, 46;
  • у Гродне ў катэдральным касцёле ў кіёску;
  • у Лідзе ў парафіі Св. Сям’і;
  • замовіць у рэдакцыі «Каталіцкага весніка», больш інфармацыі тут;
  • і ў іншых месцах, інфармацыя, якая будзе абнаўляцца на сайце insinujesu.ru.

 Вольга Адамовіч

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней