30-годдзе адраджэння структураў Касцёла ў Беларусі

13 красавіка 1991 года, 30 гадоў назад, папа Ян Павел ІІ выдаў булу аб заснаванні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі. Сёлета, у юбілейны год, мы дзякуем Пану Богу за шчодры дар беларусам ― адраджэнне Касцёла на нашай Бацькаўшчыне, аднаўленне святыняў, духоўных семінарый, аднаўленне парафіяльнага жыцця і душпастырства.


З нагоды вялікага для нашага Касцёла юбілею 18 красавіка ў нядзелю ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстая цэлебрацыя святой Імшы. Упершыню па-беларуску ўзначаліў св. Імшу Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з ім цэлебравалі літургію Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец ОР, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку св. Імшы прадстаўнік Папы ў нашай краіне звярнуўся да прысутных з прывітальным словам: «У той далёкі красавіцкі дзень пасля халоднай зімы, пасля перыяду ганенняў паўстаў для новага жыцця Касцёл у Беларусі. <…> Нібы евангельская закваска, ён паступова аднаўляе ў Хрысце ўсё беларускае грамадства». Арцыбіскуп Антэ Ёзіч выказаў надзею на стойкасць Касцёла перад абліччам цяжкасцяў і выклікаў сучаснасці, а таксама пажадаў далейшага развіцця і паспяховага абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню ў Беларусі: «Няхай Касцёл узрастае пад апекай Маці Божай Будслаўскай і пад магутнай абаронай арханёла Міхала, апекуна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гісторыя Касцёла ў Беларусі, на зямлі, акропленай крывёю сведкаў веры, працягнецца. І скажу словамі вашага класіка Уладзіміра Караткевіча: на Беларусі Бог жыве і будзе жыць!»

Успамінамі пра падзеі 30-гадовай даўніны падзяліўся падчас гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і першы каталіцкі біскуп у гісторыі Касцёла незалежнай Беларусі. Найперш арцыбіскуп узгадаў жудасны пераслед Касцёла адразу пасля стварэння савецкай дзяржавы, калі святары, біскупы, кансэкраваныя асобы адбывалі ссылку ў лагерах, вернікі падвяргаліся ганенням, а шматлікія святыні і кляштары былі разбураныя. «Руіны касцёлаў на нашай зямлі — гэта маўклівыя сведкі знішчэння духоўнасці і хрысціянскай культуры. Яны яскрава сведчаць аб тым, на што здольны чалавек без Бога», — адзначыў арцыбіскуп.

Іерарх успомніў, як здавалася, што Касцёла ўжо не будзе на гэтай зямлі. Але Бог паказаў, што Ён — Валадар свету і піша яго гісторыю, паклікаўшы ў пэўны час адпаведнага чалавека, імя якога Ян Павел ІІ. І пасля яго закліку «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту…» у 1978 годзе адчыніліся ўрэшце і дзверы атэістычнага Савецкага Саюза, хоць многія людзі ўжо апусцілі рукі і не спадзяваліся на перамены. 25 сакавіка 1984 года, згодна з жаданнем Марыі, папа Ян Павел ІІ даручыў свет Яе Беззаганнаму Сэрцу. Неўзабаве пасля гэтага ў Савецкім Саюзе распачалася перабудова і галоснасць.

У 1989 г. быў прызначаны першы пасля дзесяцігоддзяў ганенняў біскуп, Тадэвуш Кандрусевіч, а ў 1991 г. Папа прыняў гістарычнае рашэнне: была заснавана Мінска-Магілёўская мітраполія. Парафіям вярталіся святыні, адчыняліся семінарыі, курсы падрыхтоўкі катэхетаў, пачалі выдавацца каталіцкія часопісы, газеты, кнігі і малітоўнікі. Разам з аднаўленнем структураў Касцёла ў Беларусі былі заснаваныя таксама структуры Касцёла ў Расіі, Казахстане і Сярэдняй Азіі. Іерарх падкрэсліў, што рашэнне святога Яна Паўла ІІ было «натхнёным Божым Провідам і своечасовым, прадыктаваным клопатам пра наш Касцёл, які цярпеў і не здаўся».

«Сёння мы праслаўляем Бога і Панну Марыю за тыя вялікія рэчы, якія Бог учыніў 30 гадоў назад і чыніць далей. Гэтыя 30 гадоў не прайшлі дарма!» — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш, звяртаючы далей увагу на дасягненні Касцёла за гэтыя тры дзесяцігоддзі. Іерарх падзякаваў усім святарам, біскупам і вернікам за адданую працу на ніве адраджэння Касцёла ў Беларусі.

Іерарх узгадаў пандэмію каранавірусу і грамадска-палітычны крызіс у Беларусі як яскравы прыклад цяжкіх выпрабаванняў сённяшняга дня. На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных і надалей давяраць Касцёл у Беларусі заступніцтву Божай Маці і святога Юзафа.

«Касцёл у Беларусі! Ты адкрывеш новую старонку сваёй гісторыі і ўступаеш у новы этап свайго жыцця. Няхай твая дзейнасць будзе напоўнена клопатам пра духоўнае дасканаленне чалавека. Няхай будзе надзея, нават насуперак надзеі. Выкарыстоўваючы сацыяльнае вучэнне, дапамагай у вырашэнні актуальных праблем нашага грамадства. Будзь арыенцірам у будаванні шчаслівай будучыні нашай Бацькаўшчыны», — завяршыў сваю прамову арцыпастыр.

У канцы святой Імшы Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец падзякаваў усім за супольную малітву і нагадаў пра самае важнае ў жыцці кожнага чалавека — сустрэчу з жывым Хрыстом на Эўхарыстыі і чысціню сэрцаў перад Богам.

На завяршэнне святой Імшы ўсе святары і вернікі з’ядналіся ў малітве за Бацькаўшчыну і Касцёл у Беларусі, спяваючы духоўны гімн «Магутны Божа». 

Вядома, падчас святкавання 30-годдзя адраджэння Касцёла ў Беларусі хацелася б узгадаць усіх, хто спрычыніўся да гэтых вялікіх падзеяў, асабліва кардынала Казіміра Свёнтка, бо менавіта з яго асобаю звязана адраджэнне і станаўленне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго структураў, у тым ліку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, рэстаўрацыя мінскай архікатэдры, правядзенне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, заснаванне Пінскай духоўнай семінарыі, Катэхетычнага каледжа імя слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, выдавецтва «Про Хрысто», часопісаў «Дыялог», «Ave Maria», «Наша вера». «Маленькі рыцар Беззаганнай» і шмат іншага.

Хацелася б з удзячнасцю згадаць таксама ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў, хто доўгія гады працаваў дзеля адраджэння Касцёла ў Беларусі, асабліва місіянераў, якія, ахвяруючы сваім здароўем, служылі на атручаных Чарнобылем тэрыторыях.

Няхай наш Нябесны Айцец дае нашаму Касцёлу мудрасці, нязгаснай надзеі, адвагі ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Будзьма сапраўднай соллю зямлі і святлом свету, жывучы ў праўдзе і справядлівасці, будзьма міласэрнымі хрысціянамі!


Вольга Адамовіч
Фота: Віталій Палінеўскі, catholic.by

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней