Слова рэдактара. Маці прыгожай любові

Слова рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 5-га нумара 2021 г. часопіса «Ave Maria».


«Mater pulchrae dilectionis, маліся за нас! Навучы нас любіць Бога і нашых братоў так, як Ты іх любіш; учыні, каб наша любоў да бліжніх была заўсёды цярплівай, ласкавай, поўнай павагі…»

Дарагія чытачы, такімі ўзнёслымі словамі звяртаўся да Найсвяцейшай Панны Яе вялікі шанавальнік і Вялікі Папа Ян Павел ІІ. Акурат сёлета, 13 мая, у дзень Маці Божай Фацімскай, спаўняецца 40 гадоў з таго трагічнага дня, калі турэцкі тэрарыст Алі Агджа страляў у Папу на плошчы святога Пятра ў Рыме падчас генеральнай аўдыенцыі. Куля прайшла навылёт праз цела Святога Айца.

Пасля замаху і лячэння ў рымскай клініцы Джэмэллі Ян Павел ІІ адразу выправіўся ў Фаціму, каб падзякаваць Марыі за сваё цудоўнае ацаленне. Ён тады сказаў: «Чыясьці рука страляла, але іншая Рука вяла гэтую кулю. Я зноў застаўся даўжніком Найсвяцейшай Панны…»

У гэты вясновы час, калі адзначаецца 30-годдзе адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе мы таксама даўжнікі і Маці Божай, і Яна Паўла ІІ, бо дзякуючы менавіта яму і заступніцтву Марыі пачалося духоўнае і рэлігійнае адраджэнне не толькі ў нашым Краі, але і на ўсім велізарным абшары былой савецкай імперыі…

Гэты нумар пачынаецца рэпартажам з урачыстай святой Імшы, што адбылася ў мінскай архікатэдры 18 красавіка і была прысвечана знакаваму юбілею ў гісторыі нашага Касцёла…

Цудоўны месяц май мы перажываем, з’яднаныя з Маці Божай, — гэтак, як было на нашай зямлі ад веку: упрыгожваем прыдарожныя крыжы і Марыйныя каплічкі вясновымі краскамі, удзельнічаем у маёвых набажэнствах, удзячна праслаўляючы нашу Нябесную Заступніцу спевам Марыйных песняў і Ларэтанскай літаніі.

Пра глыбокі тэалагічны сэнс некаторых заклікаў літаніі ёсць разважанні ў гэтым нумары, на Марыйныя старонкі якога ўсіх вас, дарагія чытачы, сардэчна запрашаем, бо, як пісаў ксёндз і паэт Ян Твардоўскі:

Маці Божая амаль ад калыскі
здаецца нам самаю блізкаю
як ялінка зорка аплатка
мама матуля матка
пасля тэалогія тлумачыць сэрцу
што Пан Езус на першым месцы
гады бягуць адзінота вечнасць
вяртаемся да Яе як дзеці

Вяртаймася і звяртаймася да нашай Міласэрнай Маці, просячы ратунку і заступніцтва ва ўсіх небяспеках і бедах гэтага трывожнага часу.


Крыстына Лялько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней