Пантыфік: мне балюча бачыць як святары благаслаўляюць зброю

«Прылады смерці не павінны благаслаўляцца. Тэстам на прыстойнасць і маральнае здароўе краіны з’яўляецца пытанне пра тое, ці займаецца яна вытворчасцю і гандлем зброі», — перадае словы Святога Айца беларуская рэдакцыя Vatican News.


«Калі ў мяне пытаюцца пра стан палітыкі ў свеце, я кажу: паглядзіце, там дзе ёсць войны, там адбылася параза палітыкі. Палітыка, няздольная весці дыялог, каб пазбегнуць вайны — гэта параза, гэта яе канец», — падкрэсліў Пантыфік 20 мая 2021 г. падчас візіту ў рымскую штаб-кватэру Папскага фонду Scholas Occurentes, якая знаходзіцца ў ватыканскім Палацы св. Калікста, у раёне Трастэвэрэ.

У размове з моладдзю Францішак прызнаўся, што лічыць «тэстам» на «прыстойнасць краіны» і на тое, ці з’яўляецца палітыка «найвышэйшай і найбольшай формы любові», пытанне пра вайну і вытворчасць зброі.

«Тэстам для палітыкі з’яўляецца вайна, тэстам на прыстойнасць краіны для мяне з’яўляецца пытанне: ці вырабляеш зброю? Ці патакаеш войнам? Ці ствараеш свае багацці, гандлюючы зброяй, каб іншыя забівалі адзін аднаго? Па гэтым мы можам зразумець, ці з’яўляецца краіна здаровай з маральнага пункту гледжання», — сказаў Францішак. «Мне балюча бачыць, як святары благаслаўляюць зброю. Прылады смерці не павінны благаслаўляцца», — дадаў ён.

Падчас візіту ў штаб-кватэру Scholas Occurentes Пантыфік сустрэўся з маладымі людзьмі з розных рэгіёнаў Італіі, якія ўдзельнічалі ў першым этапе праграмы, прысвечанай псіхічнаму здароўю падчас пандэміі. Яны падзяліліся сваім досведам у прысутнасці, між іншым, Патрыцыа Б’янкі, Міністра адукацыі Італіі, і прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя.

Затым Папа пагутарыў з ібера-амерыканскай моладдзю, якая распавяла пра мадрыдскую сустрэчу аб сумесных марах на шляху да лепшай будучыні, і спалучыўся праз інтэрнэт з навучэнцамі новых школ Фонду ў Сіднэі, Валенсіі і Вашынгтоне, а таксама з маладымі аргентынцамі з рэгіёна Эль Імпэнэтрабле на раўніне Гран-Чака, удзельнікамі новай праграмы прафілактыкі залежнасці.


Аляксандр Панчанка, vaticannews.va/be

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней