Самая актуальная інфармацыя пра аднаўленне будслаўскай святыні агучана на прэс-канферэнцыі

26 мая ў Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная актуальнай сітуацыі ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пасля пажару. Перад журналістамі выступілі Апостальскі Адміністратар архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Аляксандр Яшэўскі — старшыня камісіі па аднаўленні будслаўскай святыні, а таксама кс. Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.


Біскуп Казімір прывітаў усіх прысутных, падзякаваўшы за ўвагу і неабыякавасць да вялікай справы аднаўлення будслаўскага касцёла пасля пажару.

Вельмі важнай і змястоўнай інфармацыяй падзяліўся з прысутнымі біскуп Аляксандр Яшэўскі, які прадставіў грунтоўную справаздачу аб планах аднаўлення, а таксама аб тым, якія працы ўжо былі праведзены. Біскуп падкрэсліў, што будслаўскі санктуарый — гэта святыня ўсяго нашага грамадства, гэта «сэрца» нашай краіны, таму Касцёл будзе і далей старацца даваць актуальную інфармацыю і максімальна празрыста асвятляць усе фінансавыя выдаткі ў справе адбудовы і рэстаўрацыі.

Біскуп Аляксандр найперш падзякаваў работнікам МНС за аператыўную работу, ксяндзу пробашчу Дзмітрыю Дубовіку і ўсім валанцёрам, а таксама сем’ям, якія былі на рэкалекцыях у Будславе ў момант пажару, за ахвярную дапамогу ў ратаванні ўсіх каштоўнасцяў касцёла ў Будславе, у першую чаргу — цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Іерарх расказаў пра аператыўнае стварэнне камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару, задача якой — каардынаваць усе работы, весці перамовы аб фінансаванні і шмат іншага.

«Варта падзякаваць усім дабрачынцам і розным арганізацыям за ўнёсак у нашую супольную справу адбудовы Нацыянальнага санктуарыя, варта падзякаваць таксама парталу Tut.by, таму што менавіта дзякуючы яму з самых першых хвілінаў была арганізавана дапамога і дзякуючы іх нястомнаму інфармаванню на дабрачынна-разліковы рахунак будслаўскай парафіі адразу пачалі пералічвацца ахвяраванні, якіх на сённяшні дзень налічваецца 491 617 беларускіх рублёў», — падкрэсліў біскуп Аляксандр. Словы удзячнасці таксама былі скіраваны да ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Каталіцкага Касцёла за складзеныя ахвяраванні ў нядзелю Спаслання Духа Святога.

Біскуп Аляксандр даволі падрабязна распавёў пра плённае супрацоўніцтва Касцёла з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, арганізацыямі «Будрэканструкцыяй», «Гражданпраект», з якімі быў распрацаваны план супольнага дзеяння па аднаўленні касцёла ў Будславе. Па-першае, забаронена «эксплуатацыя» святыні, таму што яна знаходзіцца ў аварыйным стане пасля пажару, а таксама тэрміновае ўсталяванне часовага даху. Па-другое, правядзенне шматлікіх абследаванняў будынка, падрыхтоўка  дакументацыі па рэканструкцыі, бо патрэбен не толькі новы дах, але і маштабнае аднаўленне фрэсак, алтароў у святыні і шмат іншага. Па-трэцяе, праводзяцца перамовы па дзяржаўным фінансаванні аднаўленчых працаў у Будславе, бо старажытны касцёл з’яўляецца святыняй усяго беларускага народа.

«З нашага боку вядуцца перамовы з рознымі канферэнцыямі каталіцкіх біскупаў свету, са шматлікімі дабрачыннымі арганізацыямі адносна матэрыяльнай дапамогі па аднаўленні святыні», — паведаміў біскуп Аляксандр. На сённяшні дзень выдаткі на розныя віды работ склалі каля 30-ці тыс. рублёў, але, як падкрэсліў біскуп Аляксандр, яны былі б нашмат большыя, калі б не праца валанцёраў. Біскуп звярнуўся з просьбаю да беларускіх СМІ па магчымасці і далей асвятляць тое, што адбываецца ў дадзены момант у Будславе, а таксама папрасіў аб малітоўнай, фінансавай і валанцёрскай дапамозе ўсіх людзей добрай волі.

Ксёндз канонік Юрый Санько распавёў пра правядзенне Будслаўскага фэсту, які сёлета будзе святкавацца 2-3 ліпеня. Больш падрабязная інфармацыя будзе пададзена бліжэй да падзеі, але ўжо сёння можна сказаць, што фэст адбудзецца на вуліцы, таму запрашаюцца ўсе жадаючыя, хоць арганізаваных пілігрымак у гэтым годзе не будзе. Сёння абмяркоўваецца магчымасць маліцца ў так званым старым касцёле, які з’яўляецца часткаю будслаўскай святыні, таму, калі спецыялісты дазволяць, то там плануецца зрабіць алтар і выстаўленне абраза Маці Божай, каб людзі маглі яго ўшанаваць і памаліцца.

На пытанне журналіста БелаПАН аб магчымых выдатках на аднаўленне касцёла біскуп Аляксандр сказаў, што калі глядзець на аналагічныя аб’екты, то сума можа скласці не менш за 2,2 млн руб. — і гэта толькі на ўсталяванне даху. А ўся праца можа заняць не менш за 5 гадоў.

На пытанне пра матэрыялы, з дапамогай якіх плануецца аднаўляць дах, біскуп Аляксандр сказаў, што ў сувязі з вялікімі цяжкасцямі знайсці адпаведны матэрыял, магчыма, будуць выкарыстаны металічныя канструкцыі.

Адказваючы на пытанне пра малітоўныя ініцыятывы, кс. Юрый Санько расказаў пра тое, што 2-га чысла кожнага месяца ў Будславе будзе адбывацца набажэнства падзякі за дабрачынцаў. Таксама ёсць ідэя зрабіць «духоўную пілігрымку» ў Будслаў, молячыся Навэннаю да Маці Божай Будслаўскай, якая цяпер дапрацоўваецца і хутка будзе прапанавана вернікам, якія змогуць падтрымаць справу адбудовы Нацыянальнага санктуарыя.

Дзякуючы ўсім, хто дапамог справаю ці фінансава, заклікаем да штодзённай малітвы і падтрымкі, каб Нацыянальны санктуарый Маці Божай як мага хутчэй быў адноўлены.


Вольга Адамовіч
Фота: кс. Аляксандр Улас, Catholic.by

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней