«Мне выпаў нялёгкі, але шчаслівы лёс». Віншуем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 40-годдзем святарства
31.05.2021 | Падзеі

«Мне выпаў нялёгкі, але шчаслівы лёс», — сказаў у сваім Слове на нядзелю Добрага Пастыра арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Пакліканне да святарства, паводле святога Яна Паўла ІІ, — гэта дар і таямніца, гэта дар для пакліканага і для людзей, да якіх ён пасланы. Аб гэтым дары марылі нашыя продкі амаль цэлае стагоддзе падчас жорсткіх ганенняў на веру. Сёння аб гэтым марым і мы, бо жніво вялікае, а работнікаў мала (гл. Лк 10, 2).


Гэта таямніца, бо невядома чаму і як Бог выбірае таго ці іншага чалавека для святарства ці кансэкраванага жыцця. Я таксама не ведаю, чаму Ён выбраў мяне. Я быў паспяховым інжынерам і перада мной адкрывалася добрая перспектыва, але аднойчы я выйшаў з Вострай Брамы падчас урачыстасцяў Апекі Маці Міласэрнасці і сказаў: іду ў семінарыю. <...>

Езус чакаў мяне ў Вастрабрамскім санктуарыі, каб там пераканаць, што кліча да служэння алтара. У выніку гэтае служэнне мне давялося несці ў Літве, Беларусі, Расіі і зноў у Беларусі… Сёння я дзякую Богу за такі лёс, які быў нялёгкім, але шчаслівым. Дзякуючы Божаму Провіду мне давялося распачынаць адраджэнне Касцёла на нашых землях. Бог дазволіў быць не толькі сведкам Яго вялікіх справаў, але і іх ўдзельнікам...»

Ваша Эксцэленцыя, шаноўны арцыбіскуп Тадэвуш! Сардэчна віншуем Вас з 40-годдзем Вашага святарства і зычым моцнага здароўя, энергіі і трываласці на далейшым плённм шляху пастырскага служэння.

Няхай Марыя, Маці святароў, атуляе Вас сваёю нястомнаю і чулаю апекаю. Няхай святы Юзаф, нябесны апякун Касцёла, выпрошвае для Вас усе неабходныя ласкі, а Дух Святы няхай шчодра адорвае сваімі дарамі і сваім святлом.


З малітваю і ўдзячнасцю,
супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria»,
«Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто».

Фота: Віталій Палінеўскі, Catholic.by

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней