Слова рэдактара. Паверыць у Божы Провід

Слова рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 6-га нумара 2021 г. часопіса «Ave Maria».


Дарагія чытачы, запрашаем вас на старонкі чэрвеньскага нумара нашага часопіса, які мы прысвяцілі вельмі важнай і актуальнай тэме — Божаму Провіду.

Даволі часта можна пачуць або прачытаць цікавыя і кранальныя гісторыя пра дзеянне Божага Провіду ў жыцці і ў лёсе як асобных людзей, так і цэлых народаў. Дый кожны з нас, напэўна, можа распавесці падобную гісторыю. Але ці да канца мы ўсведамляем і разумеем, што значыць само паняцце Божага Провіду, як яго тлумачаць каталіцкае веравучэнне і айцы Касцёла?

Святы Тамаш сцвярджаў, што праўда пра Божы Провід — адна з найважнейшых для хрысціянства. Калі яе адпрэчыць, губляе сэнс вера ў Бога.

Прафесар дагматычнай тэалогіі кс. Анджэй Зубэрбір у сваёй кнізе «Ці ведаю, у што веру?», перакладзенай на беларускую мову на самым пачатку рэлігійнага адраджэння і выдадзенай у 1997 г., пісаў, што вера ў Божы Провід спалучана з вераю ў сэнс чалавечага жыцця і чалавечай гісторыі і азначае таксама перакананне, што нават тыя падзеі і цярпенне, сэнсу якіх чалавек не можа сабе растлумачыць, не толькі не перашкаджаюць споўніцца Божаму плану збаўлення, але й спрыяюць ягонай рэалізацыі.

На гэтую думку хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу ў кантэксце апошніх падзеяў і ў сувязі з перажытым усімі намі болем пры вестцы пра пажар у нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, калі, здавалася, што разам з ім палаюць, спапяляюцца болем і нашыя сэрцы…

Зразумела, тэма Божага Провіду занадта складаная, каб разгледзець усе яе аспекты на старонках аднаго нумара. І ўсё ж, здаецца, нашым аўтарам удалося даволі грунтоўна і цікава распавесці пра Божы Провід у сваіх артыкулах, інтэрв’ю і сведчаннях. Таму сардэчна запрашаем вас, дарагія чытачы, паглыбіць свае веды ўважлівым чытаннем гэтых тэкстаў і спадзяемся, што час, праведзены над часопіснымі старонкамі, дапаможа ўмацаваць аслабленую нялёгкімі жыццёвымі выпрабаваннямі надзею…

У гэтым свеце, дзе так шмат зла і цярпенняў, усюдыісны і ўсёмагутны ў сваім Провідзе Пан Бог кажа нам: «У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся…» (Мц 10, 30).

Няхай жа гэтае Божае чуванне і клопат памножаць нашыя сілы, прагоняць страх з нашых сэрцаў і падтрымаюць упэўненасць у заўсёды чаканай перамозе дабра над злом.


Крыстына Лялько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней