Тэма летняга нумара часопіса «Ave Maria» — пілігрымы і пілігрымкі. Пра біблійна-тэалагічныя падставы пілігрымавання, пра гісторыю і традыцыі першых пілігрымак, а таксама пра незвычайныя спосабы пілігрымавання разважаюць нашы шаноўныя аўтары кс. д-р Юрый Дрозд і а. Яўген Голуб OFMConv.
У гэтым нумары чытачоў чакае вялікае гістарычнае даследаванне Анастасіі Усніч пра этапы развіцця паломніцтва каталіцкіх вернікаў на беларускіх землях.
На старонках часопіса сведчаннямі перажывання пілігрымак дзеляцца з чытачамі сталыя аўтары нашага часопіса, распавядаючы пра свой досвед у прозе і вершах.
У традыцыйнай рубрыцы «Школа малітвы» а. Юрый Кулай OCD разважае пра вытокі пілігрымавання, на якім пабудавалася хрысціянства, — пілігрымках святых апосталаў, якія пайшлі ў свет, несучы Добрую Навіну.
Айцец Віктар Жук SJ апавядае пра досвед пілігрымавання святога Ігнацыя Лаёлы, які называў гісторыю свайго жыцця «Аповедам пілігрыма». А Вольга Адамовіч адкрывае чытачам гісторыю св. Марыі Егіпецкай і яе пілігрымавання.
У гэтым нумары часопіса мы распавядаем пра гісторыю адбудовы касцёла св. Юзафа ў Маладзечне і дзелімся ўспамінамі Антаніны Святохі, адной з тых адважных парафіянаў якія стаялі ля вытокаў гэтай важнай падзеі.
У ліпені традыцыйна адбываецца пілігрымка ў Будслаў, у Нацыянальны санктуарый Маці Божай. Прапануем вам тэкст навэны да Маці Божай Будслаўскай. 11 мая будслаўская святыня моцна пацярпела ад пажару, для аднаўлення яе патрэбная дапамога. Адбудуем Будслаў разам!
З сумам мы дзелімся з чытачамі навіною аб заканчэнні жыццёвай пілігрымкі вядомага рэжысёра-дакументаліста, заснавальніка і нязменнага старшыні Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат», Юрыя Гарулёва, які ў аб’ектыве сваёй камеры адлюстраваў гісторыю адраджэння ў Касцёла Беларусі. Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» выказваюць самыя глыбокія спачуванні сям’і спачылага.
У выдавецтве «Про Хрысто» рыхтуецца да выдання кніга ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка. Да 10-й гадавіны яго адыходу ў вечнасць змешчаны некаторыя ўспаміны з гэтай кнігі.
Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы.
Нашыя сацсеткі:
Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.