«Прывітанне, я Паша, і я алкаголік». «Прывітанне, Паша!» — чуліся радасныя галасы з зала бягомльскага Дома культуры. У суботу 10 ліпеня ў Бягомль з’ехаліся госці з многіх гарадоў Беларусі: Цэнтр дапамогі залежным на гэтых выходных адзначыў сваё 5-годдзе.
У 10:30 — рэгістрацыя. Ва ўнутраным дворыку Цэнтра ўжо сабралася чалавек 25. Усе размаўляюць, п’юць каву і хаваюцца ад сонца. Да мяне падыходзіць мужчына. Гэта Саша з Наваполацка, ён не п’е ўжо тры гады дзякуючы групе ананімных алкаголікаў, якую калісьці стварыў Уладзімір Фінадэнтавіч, сузаснавальнік «Светача». Сам Уладзімір ходзіць з «бабачкай», удакладняе апошнія моманты перад урачыстай часткаю свята, ветліва сустракае новых гасцей. Хутка мы пабачым яго на сцэне Дома культуры ў ролі вядучага.
11:00 — мы ідзем у Дом культуры, што на суседняй вуліцы. Па дарозе я знаёмлюся з Генадзем, псіхолагам-кансультантам Цэнтра. Размаўляем пра псіхалогію і пра Росіцу, у якой, як выявілася, мы часта сустракаліся. У зале Дома культуры сабралася каля 40 чалавек гасцей. Сярод іх былыя і цяперашнія рэабілітанты Цэнтра, сябры. На сцэну выходзяць вядучыя, Уладзімір Фінадэнтавіч і Юлія, кіраўнік «Светача». З прывітальным словам таксама выступае а. Тадэвуш Кавальскі, капуцын, духаўнік Цэнтра, як яго тут называюць, ойча. Неяк усё проста і цёпла да такой ступені, што да мяне падступаюць слёзы, асабліва ў той момант, калі вядучыя запрашаюць падняцца на сцэну выпускнікоў «Светача» за ўсе 5 гадоў яго існавання, тых, хто змог і хацеў прыехаць. Усяго за гэты час рэабілітацыю ў Цэнтры прайшлі 120 чалавек. На жаль, не ўсе яны цяпер цвярозыя, толькі прыкладна 40%, але, як сказаў Уладзімір Фінадэнтавіч, «нават калі адзін выздаравеў, гэта ўжо добры вынік».
Шчырасць, прастата і радасць, з якой сябры і выпускнікі «Светача» падымаюцца на сцэну, каб павіншаваць і ўручыць падарункі, сведчыць пра шчасце, у якім залежныя людзі навучыліся цяпер жыць: не проста быць цвярозымі, але жыць цвяроза.
Гледачам прадстаўляюць псіхолагаў (сяброў і працаўнікоў «Светача»), якія пасля абеду будуць праводзіць заняткі ў тэрапеўтычных групах. Кожны з іх прадстаўляе сваю тэму, каб мы маглі вырашыць, да каго хочам пайсці. Я пайшла да Алены, экзістэнцыяльнага псіхолага, арт-тэрапеўта. У нас сабралася група з дзевяці чалавек, разам з якімі на працягу трох гадзін мы малявалі, намагаючыся праз колеры, форму, насычанасць праявіць сябе, свае эмоцыі і думкі. Дарэчы, групавыя тэрапеўтычныя сесіі ў «Светачы» праходзяць кожны квартал. На іх прафесійныя псіхолагі працуюць з сузалежнымі, каб дапамагчы родным залежнага чалавека таксама вучыцца занава жыць, бачыць па-новаму, шукаць уласную свабоду.
Пасля трох гадзін групы мы вяртаемся у будынак Цэнтра. Я бачу Дзмітрыя і Алёну, якія размаўляюць крыху паводдаль ад усіх. Я бачыла, як яны падымаліся на сцэну як былыя рэабілітанты Цэнтра, таму прапаную ім распавесці мне і нашым чытачам свае гісторыі.
Алёна
З моманту першай чаркі ўсё працягвалася 5 гадоў. Я да апошняга працавала, а я — хірург, у аперацыйнай стаяла па 5–6 гадзін. На той момант я не разумела, што ў мяне праблемы. Я думала, што адводжу душу пасля працы, магу размаўляць, таму што працавала шмат, нерваў, энергіі траціла таксама шмат. Але цяпер я разумею, што пачынала хлусіць: адпраўляла дзіця да бабуляў, апраўдваючы гэта тым, што мне рана ўставаць на працу, ці ішла з працы пешкі, пакідаючы машыну і кажучы, што хачу прайсціся. Але на самай справе мне проста хацелася выпіць.
Паўтара года да прыезду ў Цэнтр праблема рэзка пачала ўзмацняцца. Наогул я па жыцці злы чалавек, і ў мяне нібы два «я»: на працы я вельмі ветлівая і добрая, а дома вельмі злая, прычым у адносінах толькі да двух чалавек — да мамы і да малодшага дзіцяці. Я была вельмі агрэсіўная, і толькі калі выпівала, я магла з імі размаўляць, а не крычаць.
Аднойчы мой калега даў мне брашуру «Светача», так, незнарок. У мяне тады было сваё ўяўленне пра «цэнтр» як пра нешта вялікае і сучаснае, таму, убачыўшы здымкі на брашуры, я палічыла, што мяне проста абразілі, прынізілі, і я праігнаравала прапанову.
І вось настаў момант, калі з-за алкаголю я згубіла працу. Таксама жорстка стала пытанне аб тым, што мяне паставяць на ўлік па СНС (сацыяльна небяспечным становішчы). Мне было вельмі сорамна. Я адчувала, што апынулася ў тупіку: працы няма, амбіцый шмат, і вінаваты ўвесь свет, апроч мяне. І сюды я паехала, можна сказаць, ад страху: зразумела, што трэба было штосьці рабіць, а інакш — усё.
Першы месяц тут я не разумела, што ўсё адчынена. Я нават разглядала варыянт, што можна ж вылезці і праз акно, але разумела, што ў маім жыцці адбываецца трагедыя, і трэба штосьці з гэтым рабіць. Аднак трагедыяй для мяне было і тое, што я знаходжуся ў Цэнтры дапамогі залежным. Маё эга зашкальвала, мяне пераследвала пачуццё прыніжанасці.
У самым пачатку на групе я сказала, што я алкаголік, і зрабіла гэта, таму што так казалі ўсе, але ўнутры я лічыла, што я вышэй за гэта, я «не такая». Паводзіны залежнага чалавека падпарадкаваныя хутчэй не свядомасці, а падсвядомасці. І таму самае цяжкае для мяне было — прыняць сваё бяссілле. Першы месяц я амаль нічога не казала на групе, нічога. І калі я змагла хоць штосьці з разуменнем вымавіць, у мяне была доўгая істэрыка: я плакала, не магла супакоіцца, бо не верыла, што ўсё гэта я з сябе выдабыла. Месяц мяне псіхалагічна вельмі моцна «ламала», але менавіта гэта дапамагло мне «распрануцца», «умыцца» і стаць той Алёнаю, якой я была сапраўды.
Цяпер я разумею, што, калі, як расказваюць па тэлевізары, нейкая зорка год праходзіць рэабілітацыю, — гэта самае аптымальнае. Мне раней здавалася, што на гэта я магу аддаць максімум два тыдні свайго жыцця, — так я спяшалася жыць. Толькі цяпер я ўсведамляю, што нават тры месяцы, якія я правяла ў «Светачы», гэта мала. Чалавеку патрэбны час, каб раскрыцца. Мне спатрэбіўся месяц, каб наогул пачаць штосьці казаць. І вельмі добра, што ў Цэнтры працуюць розныя псіхолагі і кансультанты, усе ў мінулым залежныя, якія разумеюць нашу псіхалогію. Тут да кожнага — індывідуальны падыход.
Да «Светача» я праходзіла рэабілітацыю выходнага дня ў іншым Цэнтры. Чаму там не спрацавала? Думаю, таму што там я не атрымала ніякай інфармацыі. Я жыла паводле раскладу амаль цэлы месяц, я была «правільным чалавекам», але жыла так, як хацела я. Тут жа спачатку ўсё было не па-мойму. Але паволі я ўбірала ў сябе інфармацыю, назірала, мы абмяркоўвалі праблемы, шмат рэчаў прагаворвалі. Наогул у праграме «Светача» закладзена глыбокае аналізаванне. Тут разбіраецца кожнага слова. Гэта датычыцца і малітвы. Да прыезду ў Цэнтр я лічыла сябе чалавекам веруючым, хадзіла па святах у царкву, бо «трэба ж». І толькі ў «Светачы» я пачала ўдумвацца ў словы малітваў. Настолькі ойча пасяліў ува мне любоў, і не толькі ён, што цяпер я хаджу на Імшу да католікаў. Мне гэта вельмі падабаецца.
Сутыкнуўшыся з пачуццём прыніжэння тут, я мінімальна была гатова праглынуць прыніжэнне і пасля вяртання з Цэнтра. Так, тут крылы распасціраюцца, але «за плотам» кожны твой крок нагадвае пра старое жыццё. Бачыць позіркі людзей, асуджэнне, тым больш што я даволі вядомы чалавек у сваім горадзе… Пасля вяртання мяне ўсё раніла: што я не працую, і што мяне не бяруць на працу, што ў мяне няма грошаў, што ў мяне не вераць. Мама, цётка намагаліся ўмяшацца ў кожную маю сітуацыю: мяне няма паўгадзіны, я не адказваю на званкі — пачынаецца паніка. Я сутыкнулася з адзінотай і недаверам. І тут мне вельмі дапамог Дзіма, які прайшоў рэабілітацыю ў «Светачы» раней за мяне. Мы з аднаго горада, і калі мне было цяжка, ён прыязджаў да мяне, мы з ім размаўлялі, і я разумела, што з ім мне не сорамна дзяліцца тым, што я перажываю, бо ён — свой.
Цяпер я вярнулася на працу, і гэта ў пэўным сэнсе таксама мая залежнасць. Я — шалёны працаголік, і вельмі люблю сваю працу. За сваю цвярозасць і за ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, я дзякую Вышэйшай Сіле, бо паводле законаў медыцыны я ўжо не павінна была жыць, мне было забаронена паступаць у медыцынскі інстытут (я інвалід дзяцінства), проціпаказана нараджаць дзяцей. Але ўсё гэта здзейснілася ў маім жыцці! Дзеля чагосьці гэта ж адбываецца! Калі я яшчэ тут, значыць мая місія яшчэ не завершана, і я патрэбна чамусьці большаму, чым я ёсць. Я патрэбна сваім пацыентам, сваім кліентам, маме, дзецям, сябрам. Значыць мая місія тут важная.
Дзмітрый
У адрозненне ад Алёны, я не знакаміты, я «калгаснік», трактарыст са стажам (смяецца). На раніцу пасля таго як я адзначыў сваё 15-годдзе, мне параілі пахмяліцца — і мне спадабалася. Вось тут я і трапіў у пастку. Пасля 9-ці класаў я паступіў у Наваполацк, але не давучыўся. Па вучобе, як і па працы, прэтэнзій да мяне ніколі не было. Праблема заўсёды адна — алкаголь. У тэхнікуме мяне папрасілі забраць дакументы, бо на мяне прыходзілі пратаколы з міліцыі. Адлічыць яны мяне, малалетку, не маглі і вось так па-добраму папрасілі. Я вярнуўся ў Паставы. У 16 гадоў я атрымаў судзімасць за крадзеж, мне прызначылі папраўчыя працы — ну, я ў свой калгас і пайшоў. А калгас… там жа без чаркі працоўны дзень не пачынаўся. Мне гэта падабалася, тым больш што здароўе дазваляла. І таму мы там, «не прасыхаючы», пілі, у 16 я ўжо ведаў, што такое «адхаднякі».
Тое, што ў мяне праблема, я зразумеў недзе ў 25 гадоў, але што з ёю рабіць, не ведаў. Я спрабаваў ездзіць да «бабак», кадзіраваўся ў Хадоркіна, хоць ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца, калі ён вадзіў у мяне над галавою рукамі і казаў нейкую бязглуздзіцу, — не верыў я ў гэта. Я патрапіў у бальніцу з нажавым раненнем у печань; пазней два месяцы ляжаў у сківічна-тварным аддзяленні ў Віцебску, бо п’яны зваліўся з верхняй полкі ў цягніку. Калі мне было ўжо 29 ці 30, мы панапіваліся шклоабмывайкі, і я пахаваў свайго 27-гадовага сябра. Але і гэта мяне не спыніла.
Неяк мая сястра на рэкалекцыях у Полацку атрымала візітку «Светача». Яна мне прапанавала паехаць, нават пазваніла сюды і запісала мяне, а я і згадзіўся, бо быў «на адхадняку». Калі адышоў, адмовіўся — мне ж на працу трэба, там жа трактар (смяецца). Мяне перавярнула, напэўна, тады, калі ў цвярозым стане пачалі з’яўляцца думкі пра самагубства. Не па п’яні, а менавіта на цвярозую галаву.
Пасля чарговага запою да нас прыехала мая хросная маці з Латвіі. Я разумеў, што гэта наша з ёю апошняя сустрэча, бо яна ўжо тады хварэла на рак. Яна мне сказала: «Я хачу, каб ты жыў!» Хросная маці мяне сюды і прывезла. Я ведаў, што тут усе псіхолагі — нашы «калегі», і адзін з іх мяне пытае: «Навошта табе лячыцца?» Я кажу: «Ну, там, сям’ю хачу, дзяцей, каб маці не цярпела». А ён мне кажа: «Збірай свае рэчы і валі, ты будзеш піць». Я ў шоку. Я прыехаў, грошы заплаціў, мяне павінны ратаваць, а тут ён кажа: «Збірай рэчы»! А гэта быў такі «стратэгічны ход». Я ж, канешне, застануся, калі мяне праганяюць. Мы ж алкаголікі, мы ўсе аднолькавыя...
Пра тое, што я алкаголік, я сказаў у самы першы дзень, але спатрэбіўся месяц, каб прыняць сваё бяссілле перад залежнасцю, каб сказаць гэтыя словы не проста «для галачкі», але з усведамленнем.
Таксама мне вельмі цяжка даваліся працы ў журнале, якія робіць кожны рэабілітант. Тут, у Цэнтры, воддаль ад усёй мітусні, ты адасобліваешся і пачынаеш думаць, разважаць, працаваць са сваімі ўстаноўкамі. Напрыклад, я ненавідзеў майго нарколага, з якім сутыкаўся па працы. Гэта жанчына сказала мне, што я ніколі не прайду медкамісію, і ў маіх вачах алкаголіка ў гэтым была вінавата яна. А што можа мне сказаць чалавек, які не прайшоў праз залежнасць? «Вазьмі сябе ў рукі», «Ты ж малады, прыгожы, працавіты»? Вялікі плюс «Светача» ў тым, што тут табе дапамагаюць людзі, якія ведаюць праблему знутры.
Той самы тэрапеўт, што сказаў мне «валіць» адсюль, Ігар Лосеў, калісьці сам прайшоў рэабілітацыю ў Цэнтры, а цяпер ён у Мінску спецыяліст нарасхват, праводзіў у нас дынамічную групу. Гэта калі рэабілітант ставіць нейкі запыт, і пытанне ці праблема разбіраецца ў групе. І вось я некалькі першых заняткаў сядзеў, не ўдзельнічаў і казаў, што нічога не разумею. А ён мне сказаў у пэўны момант: «Добра, ты пасядзі яшчэ крыху, але памятай, што адседзецца ў цябе не атрымаецца». І ў мяне зноў уключылася пыха. Ён давёў мяне тады да такога стану, што я ледзь не паслаў яго, і ў той момант мяне эмацыйна прарвала.
За тры месяцы рэабілітацыі ў Цэнтры мы праходзім першыя тры крокі праграмы 12-ці крокаў ананімных алкаголікаў. Першы — прызнаць бяссілле перад праблемай; другі — прызнаць, што ёсць сіла больш магутная, чым я, якая здольная вярнуць мне разважлівасць; і трэці — даручыць сваю волю Богу як я Яго разумею. На гэтых трох кроках можна жыць у цвярозасці. Цэнтр дае старт.
Пасля двух тыдняў «за плотам» у мяне здарыўся зрыў. Я парушыў усё, што сам прапісаў у сваёй выпускной працы: у ёй мы вызначаем свае межы бяспекі, якіх павінны прытрымлівацца. Два месяцы я піў, а потым усвядоміў, што мне неабходна жыць паводле таго, што я напісаў. Быццам мне трэба было атрымаць гэты досвед, каб ужо свядома пачаць жыць у цвярозасці. Першы год пасля рэабілітацыі непажадана штосьці глабальна змяняць у жыцці, таму я вярнуўся у свой калгас, на свой трактар, а пасля пераехаў у Полацк, змяніў працу.
Я памятаю, як пасля майго вяртання з рэабілітацыі блізкія хадзілі побач і быццам незнарок нахіляліся да мяне — нюхалі. Прыходзіў дамоў, таксама праходзілі блізка побач — нюхалі. А мяне гэта страшэнна раздражняла. Сёння на групе ў Генадзя прагучала такая думка, што для блізкіх залежнага вельмі важна, калі ён вяртаецца з рэабілітацыі, занава з ім знаёміцца. Сузалежнаму ж усё роўна патрэбны той чалавек, з якім узнікла нездаровая сувязь. Напрыклад, жонка «піліла» мужыка, таму што ён піў. Цяпер ён не п’е, а «піліць» яна ўжо прывыкла. Таму адзінае выйсце — занава з ім знаёміцца. А калі з таго боку не знаёмяцца, далей усё залежыць толькі ад мяне. Я магу развярнуцца і, пакрыўджаны, пайсці «бухаць», а магу змяніць стаё стаўленне да гэтага. Нюхаешь — ну нюхай, і, магчыма, аднойчы, вернецца давер...
Мы заканчваем размову з Дзмітрыем — у клас зазірае спачатку Вольга, псіхолаг Цэнтра, якая папярэджвае, што мы застанемся без вячэры, калі працягнем размаўляць. Праз некалькі хвілін адчыняюцца дзверы, і Уладзімір Фінадэнтавіч «сігналізуе», што яны з Таццянай, яго жонкаю, ужо чакаюць размовы са мною. А тым часам усе, хто сабраўся ў суботу ў «Светачы», вячэраюць, размаўляюць і збіраюцца на канцэрт у Дом культуры.
Я заходжу ў кабінет Уладзіміра Фінадэнтавіча і ўспамінаю нашу першую з ім размову тры гады таму. Тады мы размаўлялі з Уладзімірам пра яго гісторыю залежнасці і пра тое, як яны разам з Таццянаю, у мінулым таксама алкаголікам, пачыналі гэтае служэнне. На гэты раз яны сядзяць перада мною ўдваіх...
Дар’я (Д.): Калі я думала пра ваш праект, мне ў галаву прыйшоў вобраз дзіцяці, якому вось ужо пяць гадоў. Гэта многа ці мала?
Уладзімір (У.): Так, вельмі трапны вобраз, дакладней, вобраз дзецішча. Пяць гадоў — гэта, напэўна, станаўленне, пераходны перыяд. За гэты час мы набылі пэўны вопыт, які цяпер можам напоўніцу выкарыстоўваць. Падмурак пабудавалі, і цяпер на гэтым падмурку можам пачынаць будаваць дом.
Д.: Звычайна бацькі на пэўным этапе глядзяць на сваё дзіця і бачаць плады ўласных дзеянняў: што пайшло на карысць, а што было няправільна. Гледзячы на 5-гадовы «Светач», якія вы бачыце яго моцныя бакі і якія хібы?
У.: Напэўна, наш самы моцны бок — гэта тое, што ў Цэнтры з’явіліся прафесійныя кансультанты, якія ведаюць праблему не толькі звонку, але і знутры. Амаль усе яны прайшлі праз «Светач» і вывучаюць псіхалогію, гэта значыць, што яны маюць усе магчымасці, каб не проста казаць нейкія прачытаныя фразы, але перадаваць вопыт, які яны атрымалі тут і падчас адукацыі. Калі ж казаць пра няўдачы, то я ўспрымаю іх усе як вопыт, дзякуючы якому мы прыйшлі да пэўнага выніку. А галоўны вынік у тым, што людзі выздараўліваюць і мы падтрымліваем з імі сувязь.
Д.: Але ўкладзена ў гэтае дзецішча сапраўды шмат: і фінансаў, і сілаў. Важным рэсурсам таксама была ваша адукацыя.
Таццяна (Т.): Гэта быў цудоўны збег акалічнасцяў, бо менавіта тады, калі ў нас спела ідэя заснавання Цэнтра, айцец Тадэвуш атрымаў у Бягомлі пад касцёл будынак былой сельскай гасцініцы, якая ідэальна пасавала пад нашы патрэбы, тым больш што і сам ойча прыхільна ставіўся да працы з залежнымі.
У.: Фінансава першы час вельмі дапамог ойча. Ён ездзіў у Польшчу, расказваў пра Цэнтр у сваім ордэне. Нам нават машыну падарылі.
Т.: Так, спачатку мы сваю «дабілі», а потым Бог падарыў нам новую (усміхаецца).
У.: Што датычыць адукацыі, то я ніколі не любіў вучыцца, але гадоў 10 таму знайшоў сябе ў псіхалогіі і з таго часу не перастаю вучыцца. Паводле «корачкі», я ўжо доктар экзістэнцыяльнай псіхалогіі. Самае важнае, што я прынёс у працу Цэнтра дзякуючы адукацыі, — гэта тое, што цяпер, па прашэсці пяці гадоў, мы гатовыя працаваць не толькі з хімічнымі залежнасцямі. Ігравая, камп’ютарная, сексуальная, эмацыйная, расстройства харчовых паводзінаў, працагалізм… Можна сказаць, што мы працуем не з алкаголікамі ці наркаманамі, а з хваробаю пад назваю «залежнасць».
Д.: Вы казалі, што амаль усе псіхолагі-кансультанты ў «Светачы» самі прайшлі праз Цэнтр. Гэта цікава, што многія з рэабілітантаў ідуць атрымліваць псіхалагічную адукацыю.
Т.: Так, я ўжо смяюся, што мы тут «куём» псіхолагаў!
У.: Першапачатковая мэта Цэнтра — падрыхтаваць рэабілітантаў да групаў ананімных алкаголікаў. Як разумееш, «каваць» мы хацелі ананімных алкаголікаў. Але калі залежны праходзіць праз Цэнтр, атрымлівае досвед групы і разумее, што, акрамя як выгаварыцца, вельмі важна атрымліваць зваротную сувязь, тады ён робіць выбар і пачынае прафесійна займацца псіхалогіяй. Для нас гэта ўжо нармальная з’ява. Але, вывучаючы псіхалогію, неабавязкова трэба камусьці потым дапамагаць. У першую чаргу гэта дапамога самому сабе. І тыя, хто цяпер займаецца псіхалогіяй, больш устойлівыя, у іх вельмі добрая рэмісія.
Д.: Мне здаецца, сярод рэабілітантаў і выпускнікоў Цэнтра можна часта пачуць гісторыю пра тое, што яны былі ў адным месцы, у другім, але толькі тут пачалі сапраўдны шлях выздараўлення. Як вы думаеце, у чым асаблівасць Цэнтра? Чаму менавіта тут людзі атрымліваюць свабоду?
Т.: Мне здаецца, што галоўную ролю адыгрывае чалавечы фактар. Вялізнае значэнне мае чалавек, які сядзіць насупраць, таму што тэхнічна праграма ва ўсіх цэнтрах аднолькавая, толькі ў адных крыху туды, у другіх сюды.
Д.: А у вас куды? (смяемся)
У.: У нас — сумяшчэнне. Залежнасць — гэта біясоцыяпсіхадухоўнае захворванне. І калі працаваць только па адным з кірункаў, то вынік будзе не вельмі эфектыўным. Рэабілітанты прыязджаюць сюды цвярозыя, тут праходзяць сацыялізацыю, у Цэнтры ёсць духаўнік і псіхолагі — менавіта гэтае «чатыры ў адным» прыносіць плён. У Цэнтры, як мы казалі, кансультанты ўсе «свае», ойча таксама працуе з залежнымі як свой, і гэта дазваляе чалавеку раскрыцца, адчуваць сябе як дома. Так, у нас ёсць рэжым, расклад, якога мы прытрымліваемся, але атмасфера дамашняя.
Што датычыць сацыялізацыі, мы ўжо даўно думаем пра такі напрамак дзейнасці, як «дом на паўдарогі». Бывае, што чалавек праходзіць у нас рэабілітацыю, але ў яго няма дакументаў, і яму няма куды потым пайсці. Тады мы прапаноўвалі яму паехаць у Бярозаўку, што за 45 км ад Бягомля, дзе ў айца Тадэвуша таксама ёсць парафія. На жаль, пакуль усе нашыя эксперыменты былі не вельмі ўдалымі: не хапае кансультантаў і месца, дзе рэабілітанты маглі б жыць. І вось у гэтым годзе ў Бярозаўцы зачынілі школу і прапанавалі айцу Тадэвушу ўзяць будынак на баланс. Таму мы думаем пашырацца, каб у Бярозаўцы мець Цэнтр дапамогі залежным і «дом на паўдарогі», а тут, у Бягомлі, магчыма, праводзіць адукацыйныя праграмы: школу кансультунтаў, семінары.
Д.: Як з’яўленне агульнага служэння ў Цэнтры паўплывала на вашыя сужэнскія адносіны?
У.: Яны адназначна ўмацаваліся. Калі мы з Тяццянай праходзілі абучэнне, мы былі разам два гады. Нам было каля пяцідзесяці, але яшчэ стаяла пытанне агульных дзяцей.
Т.: Так, я памятаю, як аднойчы на групе сказала, што хацела б мець з Валодзем агульнае дзіця. Мне кажуць: «А дзеля чаго табе дзіця?» Я тады разгубілася, бо мне ўжо амаль пяцьдзясят гадоў было. І мне тады сказалі, што агульным можа быць не толькі фізічнае дзіця: аб’ядноўваць нас можа што заўгодна…
У.: Так і з’явілася дзецішча. Дарэчы, тады прагучала менавіта гэта слова — дзецішча.
Т.: Цікава, што мы, праваслаўныя, павянчаліся толькі тут, у каталіцкай парафіі. Мяне моцна ўразіла адзінства, якое адбываецца на Імшы, тое, што святар камунікуе з народам, а знак супакою выклікаў ува мне такое захапленне, што да мяне нават цяпер слёзы падступаюць. Я проста закахалася ў гэтую канфесію.
Размову перерывае тэлефонны званок — аказваецца, у Доме культуры ўсе чакаюць Уладзіміра Фінадэнтавіча, каб пачаць канцэрт. Ён, здзіўлены, кажа, каб пачыналі без яго. Мы выходзім ва ўнутраны двор Цэнтра, каб зрабіць некалькі кадраў для матэрыялу, і развітваемся.
На наступны дзень у «Светач» прыязджае біскуп Алег Буткевіч, каб разам дзякаваць Богу за гэтае месца і такое патрэбнае служэнне.
…Я іду на аўтастанцыю, а ў навушніках, сугучна суботняму дню, які я правяла ў «Светачы», гучаць песня і словы Вольгі Маркес, у мінулым наркаманкі:
«Благородство без зрителей.
Широкие жесты без фотокамер.
Дары без имени дарителя.
И без возможности отбиться на рекламе.
Любить, не присваивая.
Прощать, не запоминая.
Служить, как в тумане маяк.
Звать у самого края»
(«Грот» і Вольга Маркес — «Маяк»)
Тэкст і фота Дар’і Ахламёнак