Слова рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 9-га нумара 2021 г. часопіса «Ave Maria».
Хвала Табе, Божа ў Тройцы Адзіны, за дары Духа Святога, якія ад Цябе атрымліваем, але так часта іх не заўважаем і таму так рэдка за іх дзякуем — гэтак, як за паветра, якім дыхаем; за хлеб, які штодня спажываем; за ваду, якою праганяем смагу…
Дарагія чытачы, у гэтым нумары запрашаем вас паразважаць над дарамі Духа Святога — дарамі мудрасці, розуму і рады, каб лепш зразумець і адчуць іх глыбіню, каб убачыць каштоўнасць гэтага духоўнага скарбу, якім у сваёй бязмежнай дабрыні і міласэрнасці адорвае нас Бог.
«Пакуль працягваецца наша жыццё, — пісаў святы Ян Павел ІІ, — Дух Святы дзейнічае ў кожным з нас рознымі спосабамі, у гармоніі з нашаю асобаю і характарам… Паколькі Дух Святы знаходзіцца так блізка і разам з тым дзейнічае так далікатна, мы павінны звяртацца да Яго ва ўсіх нашых патрэбах і прасіць, каб кіраваў намі і дапамагаў. Бог паслаў Яго да нас з прычыны нашай слабасці… Што ж большае мог зрабіць для нас Бог?»
Асабліва ў цяперашні час, калі людзі ў гэтым глабалізаваным свеце такія раз’яднаныя, усім нам трэба памятаць, што Дух Святы — гэта Крыніца еднасці, і як мага часцей прыпадаць да гэтай Крыніцы.
Будзем жа нястомна маліцца за нашу Айчыну і за наша падзеленае грамадства і звяртацца да Духу мудрасці, здольнага запаліць у нашых душах святло, каб мы зразумелі Божую волю і распазналі Божае дзеянне ў сваім жыцці і ў жыцці свайго народа; звяртацца да Духу розуму, каб навучыў нас «пранікаць у глыбіні Божай праўды»; звяртацца да Духу рады, каб ведаць, «што нам трэба рабіць, а чаго пазбягаць, калі трэба гаварыць, а калі маўчаць».
Не стамляймася ў сваіх малітвах заклікаць Духа Святога, просячы навучыць нас быць справядлівымі і міласэрнымі, навучыць нас любові, якая, па словах св. сястры Фаўстыны, «праганяе з душы страх» і «дае нам магчымасць тае з’яднанасці з Богам і людзьмі, якую мы называем шчасцем і нават раем» (К. Льюіс).
Маці Божая, Сталіца мудрасці, маліся за нас!
Крыстына Лялько