Кастрычнік — месяц, традыцыйна прысвечаны ў Касцёле Божай Маці Ружанцовай, і цэнтральнае месца ў кастрычніцкім нумары часопіса «Ave Maria» займае тэма ружанцовай малітвы. А сёлета да ўсяго дадалася цудоўная нагода ўшанаваць Божую Маці: зусім нядаўна ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, прайшлі ўрачыстасці ў гонар 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і ў знак падзякі за 30-годдзе адраджэння касцёльных структураў у Беларусі. Вокладку гэтага нумара «Ave Maria» упрыгожвае аблічча Марыі з копіі цудадзейнага абраза ў Снове і тэкст Акту прысвячэння Маці Божай Бялыніцкай, Каралеве Беларусі.
У гэтым нумары распачынаецца серыя артыкулаў з гісторыі ружанцовай малітвы, падрыхтаваная нашай супрацоўніцай Вольгай Адамовіч.
Прапануем чытачам паразважаць над таямніцаю Ружанца разам з Янам Паўлам ІІ: мы друкуем урыўкі з апостальскага ліста святога Папы Rosarium Virginis Mariae у перакладзе Крыстыны Лялько.
У кастрычніку мы працягваем разважаць над дарамі Духа Святога: дарамі умеласці, мужнасці, пабожнасці і боязі Божай. Разважанням на гэтую тэму прысвечаны матэрыялы нашых сталых рубрык «Школа малітвы» і «Святар адказвае на пытанне»: кс. Андрэй Рылка і а. Юрый Кулай OCD разважаюць пра дары ўмеласці і мужнасці.
Неаспрэчным прыкладам Боскага дару мужнасці сталі ў часы Другой сусветнай вайны благаслаўлёныя мучанікі, францішкане Ахілес і Герман з вёскі Баравікоўшчына, што на Міншчыне. Пра школу мучаніцтва і прыклад, які даюць нам мучанікі, распавядае ў сваім артыкуле наш аўтар айцец Яўген Голуб OFMConv.
У сваю чаргу, айцец Віктар Жук SJ тлумачыць чытачам, што такое боязь Божая і чым яна адрозніваецца ад страху. Гэтак жа пра боязь Божую і мужнасць разважаюць у сваіх эсэ сталыя аўтары Арцём Ткачук і Юлія Косава, а таксама ў серыі бліц-інтэрв’ю думкамі на гэты конт дзеляцца з вамі людзі творчасці і навукі, якія шмат гадоў супрацоўнічаюць з выдавецтвам «Про Хрысто» і часопісамі «Ave Maria» і «Наша вера».
Немагчыма разважаць аб дары пабожнасці без жывога прыкладу веры. Амаль для кожнага нумара «Ave Maria» такія сведчанні рыхтуе для чытачоў Галіна Калевіч. І цяпер яна дзеліцца з намі гісторыяй пра цуд ружанцовай малітвы ў няпростым жыцці жыхаркі Паставаў Кацярыны Рагіні.
Паэтычную рубрыку часопіса аздабляюць вершы Дануты Бічэль і Аксаны Ючкавіч.
Вялікі дзякуй за вашыя лісты, шаноўныя чытачы! У гэтым нумары часопіса мы з радасцю друкуем ліст парафіянаў касцёла св. Антонія са Слуцка, якія распавяюць пра гісторыю сваёй парафіі і віншуюць з юбілеем свайго пробашча, айца Аляксея Рамановіча OFM.
Запрашаем вас часцей зазіраць на наш сайт і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:
Нашыя сацсеткі:
Instagram.com/avemariaby
Facebook.com/avemariaby
vk.com/avemariaby
ok.ru/avemariaby
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.