Ксёндз Ігар Лашук добра вядомы сваёй актыўнасцю. Дзе б ён ні служыў, паўсюль будуюцца, рэстаўруюцца святыні, аднаўляюцца абразы, кіпіць і парафіяльнае жыццё, і жыццё Касцёла па ўсёй Беларусі, як гэта адбываецца з перэгрынацыяй фігуры св. Арханёла Міхала, якую таксама праводзіць ксёндз Ігар. Апошняй надзвычай цікавай і важнай падзеяй, звязанай з працаю кс. Ігара Лашука, з’яўляецца знаходка парэшткаў айца Фабіяна Малішоўскага OP, слугі Божага, які памёр і быў пахаваны ў Стоўбцах у 1644 годзе.
Гэты святар кіраваў тут дамініканскім кляштарам, а апошнія 5 гадоў жыцця служыў у мураваным касцёле, які быў збудаваны па яго ініцыятыве. Шматлікія цуды і ўшанаванне атачалі сціплую магілу законніка, таму праз сто гадоў пасля смерці яго цела перанеслі з агульнага склепа ў склеп фундатараў пад капліцай святога Дамініка. У той жа час правінцыял ордэну занатаваў кароткае апісанне жыцця а. Фабіяна, якое абапіраецца на аповеды старых манахаў, і параіў дакладна апісваць цуды і ласкі, якія здзяйсняліся каля магілы. Так узнік спіс цудаў і ласкаў, які слушна называюць «Кнігаю жыцця». У ім занатавана 150 незвычайных здарэнняў, што адбыліся праз заступніцтва а. Фабіяна на працягу 1742–1757 гг. У 1744 годзе Малы сейм мінскай зямлі ўнёс у Сінод, які ў той час праходзіў у Вільні, просьбу аб распачацці першых крокаў беатыфікацыі айца Фабіяна.

Культ святара шырыўся нават сярод праваслаўных людзей, але пераслед каталіцтва на нашых землях у ХІХ ст., калі яны трапілі пад уладу Расійскай імперыі, адбіўся і на працэсе беатыфікацыі слугі Божага Фабіяна Малішоўскага. Ужо пры польскай уладзе ў 1-й палове ХХ ст. Пінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі стварыў духоўную камісію, каб яна не толькі даследавала сапраўднасць астанкаў, але таксама і правяла б падрыхтоўчы інфармацыйны працэс беатыфікацыі пабожнага дамініканіна. На жаль, усе надзеі зруйнавала Другая сусветная вайна і бальшавіцкая ўлада ў Заходняй Беларусі. Пакідаючы родны горад пасля вайны, жыхары каталіцкага веравызнання не маглі пакінуць астанкі а. Фабіяна бязбожнай уладзе, бо іх чакала знішчэнне, таму вырашылі схаваць труну з парэшткамі ў сутарэннях касцёла, закапаўшы ў зямлю і склаўшы план схованкі. Прайшло шмат гадоў… і ў 2018 г. у Стоўбцы быў скіраваны служыць кс. Ігар Лашук, які не мог пакінуць гэтай гісторыі без увагі. Вось што ён нам расказаў.

«Я, ксёндз Ігар Лашук, атрымаў дэтальны план пахавання парэшткаў айца Фабіяна і суправаджальны ліст удзельніка пахавальнай акцыі, датаваны 16 снежня 1988 года, ад кcяндза Зянона Чумая, архівіста Драгічынскай дыяцэзіі (Польшча) вясной 2021 года. З дазволу раённай улады на стадыёне сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, дзе знаходзіўся калісьці касцёл св. Казіміра, на падставе вышэйзгаданых звестак і чарцяжа 6 кастрычніка 2021 г. а 14-й гадзіне, памаліўшыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы Бога аб прабачэнні за разбураную святыню, узнёсшы малітву аб ласцы беатыфікацыі а. Фабіяна, складзеную біскупам Казімірам Букрабам у 1934 г., мы распачалі працы па адшуканні астанкаў слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, першага прыёра дамініканскага кляштара ў Стоўбцах.


Коўш экскаватара ў хуткім часе наткнуўся на рэшткі фундамента разбуранага касцёла… Хутка стала зразумела, што знойдзеныя памяшканні адпавядаюць нашаму чарцяжу. Пасля акуратнага ачышчэння адкапаных памяшканняў мы натыкнуліся на парэшткі амаль згнілай драўлянай труны з металічнымі элементамі. Стала зразумела, што гэта труна з парэшткамі айца Фабіяна. Асцярожна пракапаўшы ў глыбіню яшчэ каля 30 сантыметраў, мы наткнуліся на чалавечыя астанкі. Вельмі акуратна пастараліся дастаць іх, кладучы побач на падрыхтаваную тканіну. Затым дасканала прасеялі на сіта зямлю, каб нічога з астанкаў у ёй не засталося. Пры гэтым мы знайшлі фігуру распятага Хрыста і нажніцы, моцна знішчаныя часам. Работы закончыліся 6 кастрычніка 2021 года ў 20:00. Прадстаўнік Следчага камітэта парэкамендаваў пакінуць астанкі на месцы да прыбыцця следчай працоўнай групы. Раскопкі і парэшткі ахоўвалі цэлую ноч. Раніцай 7 кастрычніка 2021 года ў 9 гадзін прыбыла следчая група. Спецыялісты аформілі пратакол і акт знойдзеных астанкаў.

А 12-й гадзіне парафія разам з пробашчам сабралася каля парэшткаў айца Фабіяна на ружанцовую малітву. На гэтую малітву прыбыў і а. Раман Шульц, дамініканін, а таксама чатыры сястры дамініканкі. Прымалі ўдзел у малітве кс. Павел Слука і кс. Канстанцін Цыбульскі. Пасля малітвы астанкі былі змешчаны ў спецыяльна падрыхтаваную скрыню і перададзены, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, на далейшае даследаванне».
Падрыхтавала Вольга Адамовіч