Каталіцкія біскупы просяць дапамагчы мігрантам
13.11.2021|Падзеі

Паведамленне Канферэнецыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна дапамогі мігрантам

Вось ужо некалькі дзён на беларуска-польскай граніцы працягваецца беспрэцэдэнтны крызіс з мігрантамі. Яго ахвярамі з’яўляюцца бежанцы з краін Блізкага Усходу, сярод якіх ёсць дзеці і моладзь, і якія ўвесь гэты час знаходзяцца ў лагеры пад голым небам непасрэдна перад дзяржаўнай граніцай. Гэтыя людзі знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі, бо пазбаўлены неабходных сродкаў для жыцця і церпяць з прычыны голаду, холаду, адсутнасці даху над галавой і элементарнай медыцынскай дапамогі.

Як хрысціяне мы не можам быць абыякавымі да рэчаіснасці людскога цярпення, маючы заўсёды ў памяці словы Езуса Хрыста: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне, быў голы, і вы апранулі Мяне <…>, тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 35. 40).

Наш маральны абавязак — далучыцца да справы дапамогі мігрантам, якія ў гэты час знаходзяцца на дзяржаўнай граніцы.

Таму звяртаемся да вас, шаноўныя святары, з просьбай арганізаваць матэрыяльную дапамогу ў наступных формах: 

  1. У бліжэйшую нядзелю, 14 лістапада 2021 года, ва ўсіх парафіях усіх чатырох дыяцэзій на Беларусі правесці збор у скарбонкі грашовых ахвяраванняў, якія належыць перадаць Caritas Гродзенскай дыяцэзіі з прызначэннем на дапамогу бежанцам. Існуе магчымасць таксама перадаць грашовыя ахвяраванні Caritas Гродна праз сістэму электронных плацяжоў АРІП.
  2. Пры парафіях горада Гродна арганізаваць збор матэрыяльных сродкаў: цёплае адзенне розных памераў, абутак, сродкі асабістай гігіены, коўдры, дзіцячыя рэчы (пялюшкі, памперсы, адзенне і т.п.). Можна таксама дадаваць прадукты харчавання, за выключэннем свініны, найлепш з доўгім тэрмінам прыдатнасці і якія не патрабуюць спецыяльных умоваў захоўвання. Сабраныя рэчы і прадукты харчавання будуць сабраныя з парафій супрацоўнікамі гродзенскага Caritas i перададзены патрабуючым.

Ужо цяпер дзякуем ўсім, хто адгукнецца на гэтую просьбу аб дапамозе і праявіць салідарнасць з людзьмі, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Няхай вам аддзячыць Усемагутны Бог, а Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці, апекуецца вамі.

Мінск, 13 лістапада 2021 г. 

З пастырскім благаслаўленнем,
Каталіцкія біскупы Беларусі

Гэтае паведамленне святарам належыць прачытаць падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 14 лістапада.


Фота: Sputnik / Віктар Талочка

 

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней