А жыццё працягваецца... Пра імпрэзу ў Віцебску, прысвечаную памяці памерлых

12 лістапада ў культурна-рэлігійным цэнтры Віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася вечарына «А святло вечнае няхай ім свеціць», прысвечаная памяці памерлых. Прымеркаваная да дня апекуна дыяцэзіі святамучаніка Язафата Кунцэвіча, яна пачалася неўзабаве па ўрачыстасці з удзелам біскупа Алега Буткевіча і парафіянаў мясцовай рыма-каталіцкай парафіі і грэка-каталіцкай Уваскрасення Хрыстовага на чале з пробашчам а. Зміцерам Грышанам.


Ва ўступным слове да мерапрыемства пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Валеры Марціноўскі адзначыў сімвалічнасць даты правядзення мерапрыемства, нагадаў прысутным пра значнасць асобы Язафата Кунцэвіча ў фарміраванні хрысціянскага светапогляду чалавека, пра абавязак памяці пра тых, хто адышоў у вечнасць.

Ксёндз Валеры Марціноўскі

Літаратурна-мастацкую і музычную часткі імпрэзы падрыхтавалі вернікі парафіі Езуса Міласэрнага. Уменнем даходліва, на высокім мастацкім узроўні падаць твор на суд слухача ўразілі чытальнікі Мікалай Клімаў, які прачытаў няпросты для дэкламавання верш (ці нават паэму) Васіля Сахарчука «Сонейка»; Таццяна Образава (з вершам таго ж аўтара); Алег Рудзько (з вершам Казіміра Камейшы). З захапленнем, што часам межавала са здзіўленнем, прымала аўдыторыя выступленне вядомага музыкі Аляксандра Вішнякова, які выканаў некалькі касцёльных мелодый на дудачцы і на такім нязвыклым інструменце, як самаруч змайстраваны музычны жытнёвы колас.

Мікалай Клімаў

Таццяна Образава

Алег Рудзько

Як было загадзя аб’яўлена ў праграме, асноўная частка мерапрыемства прысвячалася ўспаміну памерлых. Адна з іх — не так даўно спачылая ў Богу Марына Акацьева (Угорыч). Была зусім маладою жанчынаю, заўчасны адыход якой уразіў яе сяброў і блізкіх праявамі мужнасці, з якой успрымала яна непазбежнасць уласнага дачаснага адыходу ў Вечнае Валадарства. Аўдыёзапіс перадсмяротных Марыніных дзённікавых развагаў і поўных невыноснай горычы ад страты дачкі ўспамінаў маці памерлай — спадарыні Валянціны, прыгожа скампанаваны братам нябожчыцы Максімам відэакліп пра шчаслівае сямейнае жыццё Марыны і яе мужа Аляксея — усё гэта было вельмі кранальна і надоўга застанецца ў памяці прысутных.

Марына Акацьева

Па-філасофску разважным, па-хрысціянску мудрым стаўся ўспамін пра памерлага бацьку пастыра дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча. Спадар Часлаў Буткевіч памёр нядаўна ад пошасці часу — каранавіруса, таму, як зазначыў Эксцэленцыя, яшчэ і ўзгадваць пра гэта цяжка, і дакладныя словы падабраць вельмі няпроста. «Гэта быў звычайны чалавек, які пры ўсёй сваёй звычайнасці для мяне разам з тым і асаблівы, бо гэта — мой тата», — сказаў біскуп, дзелячыся сваімі развагамі пра ролю дарагога чалавека ў лёсе дзяцей, кожны з якіх прысвяціў жыццё служэнню Богу.

Часлаў Буткевіч з сынам Алегам, будучым біскупам Віцебскім

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

На заканчэнне вечарыны прагучаў спеў у выкананні Аляксандра Вішнякова, і ён не быў занадта песімістычны, як часта бывае падчас спатканняў такой скіраванасці. І гэта, напэўна, правільна: жыццё працягваецца, і якія б выпрабаванні ні пасылаў нам лёс, справа жывых — не забываць і пра папярэднікаў, і пра тую адказнасць кожнага з нас перад сабою і перад Панам Богам, што вымагае ад нас нашая вера.

Аляксандр Вішнякоў


Францішак Дубраўскі
Фота А. Бандарчука-Вошлава

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней