Сёння распачынаецца Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які доўжыцца да 25 студзеня
18.01.2022|Падзеі

Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які мае больш за стогадовую традыцыю, стаў цыклічным святам экуменізму. Штогод з 18 па 25 студзеня, гэта значыць паміж былым святам сабора св. Пятра і святам Навяртання св. Паўла, хрысціяне розных канфесій сустракаюцца па ўсім свеце для экуменічных набажэнстваў, малітваў, канферэнцый, канцэртаў і іншых дзеяў. У некаторых месцах ініцыятываў так шмат, што Тыдзень малітваў, насуперак сваёй назве, доўжыцца некалькі тыдняў. Звычаем тыдня малітваў з’яўляецца гасцінны абмен прапаведнікамі: у святыні канкрэтнай канфесіі казанне прамаўляе духоўны іншай канфесіі. Штогод да Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў рыхтуюцца матэрыялы з біблійнымі тэкстамі, разважаннямі, малітвамі, прапановамі літургічных набажэнстваў і г.д.

Тэма сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў — «Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму» (Мц 2, 2) — прапанаваная Радай Цэркваў Блізкага Усходу. Паводле Евангелля (Мц 2, 1–12) з’яўленне цудоўнай зоркі на небе — доўгачаканы знак надзеі, які вядзе мудрацоў, а па сутнасці ўсе народы зямлі — да месца, дзе з’явіўся сапраўдны Кароль і Збаўца. Гэтая зорка — дар, знак Божай прысутнасці для ўсяго чалавецтва. Для мудрацоў гэта быў знак таго, што нарадзіўся кароль. Зорка сваімі промнямі асвятляе шлях усяго чалавецтва да большага Святла, Езуса, новага Святла, якое асвятляе кожнага чалавека і вядзе нас да хвалы Айца. Езус з’яўляецца Святлом, якое сышло ў нашу цемру, калі Ён праз Духа Святога ўцелавіўся з Панны Марыі і стаў чалавекам. Езус — гэта Святло, якое яшчэ глыбей пранікла ў цемру свету, калі дзеля нас і дзеля нашага збаўлення прынізіў сябе і стаў паслухмяным аж да смерці. Ён зрабіў гэта, каб асвятліць наш шлях да Айца, каб мы пазналі Айца і Яго любоў да нас, Айца, які аддаў за нас свайго Адзінароднага Сына, каб, верачы ў Яго, мы не загінулі, але мелі жыццё вечнае.

Малітвы

Пане Божа, асвятлі наш шлях святлом Хрыста, які ідзе перад намі і вядзе нас. Асвятлі нас і жыві ў нас. Вядзі нас, каб мы змаглі адкрыць маленькія яслі ў нашых сэрцах, дзе яшчэ дрэмле вялікае Святло. Стваральнік Святла, мы дзякуем Табе за дар гэтай нязгаснай Зоркі, Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы. Няхай Ён будзе вечным арыенцірам на нашым шляху пілігрымаў. Знішчы тое, што нас раздзяляе, і наблізь нас да Святла, каб мы маглі знайсці ў Ім наша адзінства. Амэн.

* * *

Езу, добры Пастыр і Валадар укрыжаваны! Як балюча, што тыя, якіх Ты так палюбіў, раздзерлі Твой Касцёл, жывое Цела, над якім Ты — Галоўны. Гэта і наш грэх. Таму не асмельваюся маліцца і прасіць у Цябе цуду. Ведаю, як моцна Ты прагнеш, каб верныя «былі адно», каб настала адна аўчарня і адзін пастыр, бо мы адну маем веру, адзін хрост, аднаго Айца ў небе і аднаго Цябе, Які адкупіў нас коштам сваёй найдаражэйшай Крыві. Стаю прад Табою на каленях, Богам маім укрыжаваным, прад ранаю Твайго Сэрца, з якога нарадзіўся Касцёл. Прагну, каб разам з Янам XXIII, які аддаў сваё жыццё за еднасць Касцёла, укленчылі прад Табой усе вернікі і ўзаемна прабачылі адзін аднаму. Ты пакінуў нас на свеце як знак любові. Дык няхай жа свет прыпыніцца яшчэ раз і скажа: «Глядзіце, як яны любяць адзін аднаго!» Езу мой! Няхай гэта станецца хутка! Амэн.


Кожны, хто ў гэты час зробіць нешта для адзінства Касцёла (прачытае малітву, ахвяруе пост, міласціну, вучобу і г.д.) і прыме ўдзел у завяршэнні Тыдня малітваў, можа атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней