Яшчэ адзін нумар часопіса «Наша вера» выйшаў з друку ў канцы 2021 года. Запрашаем набываць нумар у парафіяльных кіёсках і бліжэй пазнаёміцца са зместам часопіса.
Гэты нумар распачынаецца біяграфіяй новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.
Году св. Юзафа прысвечаны ўрывак «Муж справядлівы — абраннік» з апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ Redemptoris custos пра святога Юзафа і яго місію ў жыцці Хрыста і Касцёла.
У рубрыцы «Прэзентацыя» змешчана эсэ Л. Камінскай «Невялікія ўспаміны пра вялікага чалавека» пра кнігу «Мяне заўсёды ратавала вера» («Про Хрысто», 2021), у якой сабраныя успаміны пра легендарную асобу кардынала Казіміра Свёнтка.
Памяці ксяндза Міхала Сапеля прысвечана інтэрв’ю з ім «Мой шлях да Бога», запісанае с. Рэнатай Зялінскай у 2018 г.
Вядомы калекцыянер І. Сурмачэўскі ў артыкуле «„Табліцы мядзяныя“ з Будслаўскага кляштара» піша пра матэрыяльныя скарбы з гэтай унікальнай святыні.
Айцец Андрэй Крот у рэцэнзіі «Скарбы Берасцейскай уніі» цікава апавядае пра кнігу даследчыцы Г. Флікоп-Світы «Іканастасы і алтары грэка-каталіцкіх храмаў Беларусі XVII – першай трэці XIX ст.» (Мінск, «Беларуская навука», 2021).
Ксёндз Ігар Лашук ва ўспамінах «Сустрэча са слугою Божым а. Фабіянам Малішоўскім ОР» піша пра выдатную асобу знакамітага Фабіяна Стаўпецкага. Услед за яго тэкстам змешчаны артыкул айца К.М. Жукевіча ОР «Слуга Божы Фабіян Малішоўскі», перакладзены з польскай мовы Г. Бакленевай.
Постаці бл. кардынала Клеменса Аўгуста графа фон Галена прысвечана эсэ гісторыка, архівіста А. Шпунта «NEC LAUDIBUS, NEC TIMORE».
У рубрыцы «Пераклады» змешчаны вершы італьянскай паэткі Антоніі Поццы ў перастварэнні на беларускую мову паэткі, літаратуразнаўцы А. Данільчык.
У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы В. Жуковіча.
Літаратуразнаўца І. Багдановіч працягвае знаёміць чытачоў з творчасцю У. Сыракомлі — у гэтым нумары змешчаны яго верш «Зімовы досвітак» і прадмова даследчыцы да перакладу.
130-годдзю М. Багдановіча прысвечана эсэ вядомага беларускага мастака А. Марачкіна «Не давайце чужынцамі быць...», у якім аўтар апавядае пра адзін са сваіх твораў паводле паэзіі класіка беларускай літаратуры — жывапіснае палатно «Максім і Вераніка» (1981). Літаратуразнаўца С. Чыгрын гэтай жа даце прысвяціў сваё даследаванне «Першы пераклад „Слуцкіх ткачых“ на польскую мову».
В. Воранаў прапануе ўвазе чытачоў тэкст «Беларуская легенда», які ён знайшоў у заходнебеларскай газеце «Родны край», што выдавалася ў 30-я гады Таварыствам беларускай асветы.
Доктар навук, перакладчыца А. Сямёнава-Герцаг змяшчае свой чарговы пераклад з нямецкай мовы — на гэты раз яна знаёміць чытачоў з творчасцю аўстрыйскай пісьменніцы А. Грыль, друкуючы яе апавяданне «Метраном».
Памяці народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча прысвечаны публікацыі Д. Бічэль, В. Глекава і А. Глекава.
Музыказнаўца С. Шэйпа ў артыкуле «Харавая творчасць Станіслава Манюшкі ad majorem Dei gloriam» апавядае пра спадчыну знакамітага кампазітара.


