Фармацыя сумлення з «Youcat»: айцы дамінікане запрашаюць да паглыблення веры ў Вялікім посце
Фота Эльвіры Палінеўскай

Дамініканская парафія св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве ў перыяд Вялікага посту запрашае ўсіх ахвотных да інтэнсіўнага фармацыйнага курсу на тэму «У што мы верым?».

У сваёй працы мы звернемся да выдання «Youcat», дзе вельмі добра і даступна выкладзены Катэхізіс Каталіцкага Касцёла для моладзі па-беларуску. Гэтая кніга будзе карыснаю таксама і для людзей старэйшага ўзросту. Папа Бэнэдыкт XVI заахвочваў моладзь: «Прашу вас, вывучайце катэхізіс з палкасцю і настойлівасцю! Ахвяруйце на гэта свой час…». Ён раздаў гэтую кнігу маладым людзям падчас Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе ў 2011 годзе.

У гэтым фармацыйным курсе мы ставім перад сабою дзве мэты. Па-першае, паглыбіць і аднавіць інтэлектуальна сваю каталіцкую веру паводле схемы: вера — сакрамэнты — жыццё ў Хрысце — малітва. Такім чынам мы фармуем нашыя сумленні.

Па-другое, мы прагнем яшчэ больш заглыбіцца ў тыя аб’ектыўныя ісціны, якія засвоім і над якімі будзем разважаць, каб яны сталі нагодаю да размовы з Богам пра іх у форме просьбы, перапрашэння, падзякі або праслаўлення.

Змест «Youcat» мы падзелім на 44 дні: ад Папяльцовай серады да Вялікага чацвярга. На кожны дзень запланаваныя па 12 пунктаў, над якімі мы будзем працаваць, разважаць і паводле якіх будзем маліцца. Гэта зусім не шмат.

Катэхізіс для моладзі «Youcat», прыгожа выдадзены, можна набыць у касцёльных кіёсках. Варта мець свой экзэмпляр, каб чытаць яго індывідуальна, у сям’і або ў супольнасці і ўзаемна дзяліцца тым, што ўзрушвае або што ўспрымаецца складана. Мы адкрываем групу ў Viber: юкат2022, дзе вялікую частку матэрыялу, пададзенага штодзённа, можна будзе праслухаць.

Запрашаем далучыцца да нас у Вялікім посце ў гэтым аскетычна-фармацыйным выкліку, які патрабуе трохі часу (каб знайсці дадатковы час, варта, напрыклад, абмежаваць сябе ў карыстанні інтэрнэтам), высілкаў і сістэматычнасці. Мы будзем маліцца ўзаемна адзін за аднаго, каб гэты час прынёс у жыццё кожнага з нас адпаведны плён. Прапануем штодзённую малітву за нашую велікапосную фармацыйную супольнасць словамі анёла з Фацімы: «О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн».

Курс будзе праходзіць дыстанцыйна. З гэтай мэтай у мэсэнджары Viber ствараецца група, дзе можна будзе знайсці вялікую частку штодзённых матэрыялаў.

Падрабязная інфармацыя па тэл.: +375 (29) 291 92 11 — айцец Раман Шульц ОР
е-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней