Сустракайце 100-ы нумар часопіса «Наша вера»
19.08.2022|Падзеі

Гэты нумар часопіса своеасаблівы — ён 100-ы ад благаслаўлёнага дня яго выдання.


Гэты нумар часопіса своеасаблівы — ён 100-ы ад благаслаўлёнага дня яго выдання, а таму пачынаецца словамі віншаванняў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Старшыні ККББ біскупа Алега Буткевіча, а таксама словам галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько «З нагоды сотага нумара». Тут жа змешчана эсэ-віншаванне адной са сталых аўтарак выдання А. Данільчык «Абсалютная радасць пачэснай місіі», якая разважае пра ролю часопіса ў духоўнай прасторы жыцця беларускага грамадства. Юбілейнаму нумару прысвечаны таксама эсэ мастака А. Дубініна «Буйніцы і драбніцы», вершы І. Багдановіч і Д. Бічэль.

Тэолаг М. Пашук у рубрыцы «У кантэксце Бібліі» прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Чалавек ён прышлы, нетутэйшы», у якім закранае драматычныя праблемы мігрантаў.

Кс. К. Бардонаў у артыкуле «Сцвярджэнне несапраўднасці сужэнства…» на прыкладзе цікавага архіўнага матэрыялу разважае пра складанасць гэтай нялёгкай справы для Касцёла і яго парафіянаў.

Вядомы рэстаўратар І. Сурмачэўскі ў артыкуле «Аздабленне іконы Будслаўскай Багародзіцы ў 1632–1783 гг.» працягвае знаёміць чытачоў са спадчынай Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.

550-годдзю ішкалдскага касцёла прысвечаны артыкул доктара мастацтвазнаўства Т. Габрусь «Узоры „зімовай готыкі“».

Пра мастака-мемуарыста Э. Паўловіча ў эсэ «Кожны дзень зацірае сляды дня пражытага…» піша кандыдат філалагічных навук Я. Янушкевіч.

Літаратуразнаўца А. Бразгуноў прапануе ўвазе чытачоў свае перастварэнні выбраных прадмоваў Ф. Скарыны да псальмаў.

У рубрыцы «Проза» друкуецца ўрывак з новай кнігі А. Шпунта «З нататкаў рэстаўратара», якая рыхтуецца да выдання.

Пра творчасць А. Адынца ў святле 200-годдзя рамантызму цікава разважае літаратуразнаўца І. Багдановіч у артыкуле «Паэт-рамантык і сябра Адама Міцкевіча». Тут жа друкуюцца вершы А. Адынца ў перакладзе аўтаркі артыкула.

Даследчык літаратуры Я. Янушкевіч на гэты раз у артыкуле «З роду Палеалогаў…» знаёміць чытачоў з жыццём невядомага паэта і паўстанца Ю. Ляскарыса. Тут жа друкуюцца яго вершы ў перакладзе на бел. мову І. Багдановіч.

Памяці таленавітага беларускага паэта Ю. Голуба прысвечана эсэ М. Скоблы «За шклом апостальскае пошты».

Доктар філалагічных навук Л. Сінькова ў артыкуле «…між Прыродай і Богам…» аналізуе экзістэнцыйную лірыку вядомага беларускага паэта з Польшчы Яна Чыквіна.

У перакладзе на беларускую мову з нямецкай А. Сямёнавай-Герцаг друкуецца проза нямецкага пісьменніка Г. Котта.

Гісторык-архівіст А. Шпунт у артыкуле «Каб косткі свае скласці на любай Беларусі» знаёміць чытачоў з яшчэ адной цікавай постаццю каталіцкай даўніны — кс. Ф. Неміровіча-Шчыта.

Мастацтвазнаўца М. Усава ў артыкуле «Калекцыі Аляксандра Арлоўскага: падвойнае здабыццё» цікава апавядае пра адметнага і малавядомага мастака-рамантыка пачатку ХІХ ст. Тут жа змешчаны цікавы празаічны абразок Габрыэлі Пузыні «Сын карчмара» пра гэтую легендарную асобу ў перакладзе з польскай мовы І. Багдановіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней