Травеньскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны найперш малітве — бо менавіта да гэтага заклікала людзей Божая Маці ў фацімскіх аб’яўленнях. На гэта звяртае ўвагу чытачоў галоўны рэдактар «Ave Maria», спадарыня Крыстына Лялько: «У гэты складаны час, калі наш свет “вісіць на валаску”, а людскія сэрцы поўняцца трывогаю і болем, усім нам сапраўды трэба, магчыма, як ніколі, вельмі шмат маліцца».
Пра ключавую неабходнасць малітвы ў чалавечым жыцці і стварэнне месца для яе піша айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы».
Прыкладам дасканалай малітвы з’яўляецца для нас Марыя. Нездарма ў сваіх шматлікіх аб’яўленнях Божая Маці заўсёды гаворыць пра важнасць шчырай малітвы. Разам з ксяндзом Андрэем Рылкам у рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» мы разбіраемся, паводле якіх крытэрыяў Касцёл прызнае сапраўднымі аб’яўленні Маці Божай, а артыкул «Чаму адбываюцца аб’яўленні Маці Божай?» дапаможа зразумець, у чым сэнс Марыйных аб’яўленняў у свеце і чаму яны, здаецца, адбываюцца ўсё часцей.
Ксёндз Юрый Дрозд у сваім матэрыяле распавядае пра гісторыю Марыйнага культу у Каталіцкім Касцёле. Адна з найбольш вядомых практык Марыйнага культу — набажэнства першых суботаў месяца. У гэтым нумары «Ave Maria» мы падрабязна пазнаёмім вас з ім.
25 сакавіка гэтага года адбылася знакавая для католікаў свету падзея: прысвячэнне свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. У артыкуле «Жыць прысвячэннем Марыі» мы прапануем чытачам паразважаць пра яе важнасць.
Травень, месяц Марыі — добры час, каб бліжэй пазнаёміцца з нашай Нябеснай Маці. У гэтым нумары «Ave Maria» мы распавядзем пра 10 выяваў Божай Маці, пра якія ведае няшмат беларускіх вернікаў, і падзелімся з вамі прыгожымі словамі святых пра Панну Марыю.
У сваім артыкуле Віктар Ведзень працягвае распавядяць пра аўтамабільную пілігрымку па Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.
І, як звычайна, мы дзелімся з вамі, дарагія чытачы, асабістымі сведчаннямі людзей, бо без гэтага вера — мёртвая. У гэтым нумары чытайце сведчанне Алены Кавалеўскай аб дзеянні Маці Божай у яе жыцці, падрыхтаванае Галінай Калевіч.
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

