15 мая 2022 г. вернікі парафіі Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка мелі двайную нагоду для радасці: у гэты дзень прынялі сакрамэнт канфірмацыі 19 парафіянаў, што было спалучана са святкаваннем 10-гадовага юбілею з пачатку будаўніцтва касцёла (19 мая 2012 г. на гэтым месцы адбылося благаслаўленне зямлі пад будову і вуглавога каменя).
Нядзельную ўрачыстасць узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў сваім прывітальным слове заахвоціў удзельнікаў літургіі маліцца не толькі за кандыдатаў да канфірмацыі, за пробашча ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, але і аб новых пакліканнях у парафіі, а таксама за тых, хто стаяў каля яе вытокаў, хто прывёў на шлях веры маладых і больш сталых людзей, якія ў гэты шчаслівы дзень прынялі дар Духа Святога.
Касцёл вучыць, што праз сакрамэнт канфірмацыі вернікі ўмацоўваюцца ў веры, атрымліваюць у душы незнішчальную пячаць і асаблівую моц для хрысціянскага сведчання. Пра тое, што азначае такое сведчанне, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзяліўся ў сваіх разважаннях падчас гаміліі. Спасылаючыся на словы папы Францішка, ён падкрэсліў, што жыццё чалавека не вымяраецца колькасцю пражытых гадоў, а набывае глыбокі сэнс тады, калі ў ім ёсць месца для сустрэчы з іншым чалавекам, калі мы не замыкаемся ў саміх сабе, у сваім вузкім асяродку, а выходзім насустрач іншым, даючы праўдзівае сведчанне веры. «Мы створаныя паводле вобразу Бога, і таму з’яўляемся прыладамі ў Божых руках. Праз нас Бог жадае дайсці да іншага чалавека і падзяліцца з ім сваёю любоўю. Многія людзі ў сучасным свеце ўжо ведаюць Евангелле, але прагнуць убачыць яго ўвасабленне ў нашых учынках, у нашым штодзённым жыцці. Няхай тыя, хто яшчэ не ходзіць у касцёл, заўважаць вашую дабрыню, спакой, любоў адзін да аднаго, узаемную дапамогу, засяроджанасць на самых галоўных рэчах — і задумаюцца над тым, адкуль у вас гэтая духоўная моц. Тады вы засведчыце, што чэрпаеце сілы менавіта з сустрэчы з Богам». Арцыпастыр заўважыў, што чыжоўская парафія ў гэтым сэнсе асаблівая, бо мае тытул Духа Святога, а таксама павіншаваў парафіянаў з 10-годдзем ад пачатку будаўніцтва святыні. За гэты час былі ўзведзеныя не толькі каменныя сцены касцёла — вырасла і сама парафіяльная супольнасць. Клопат пра яе развіццё, пра пабудову Божага дома моцна з’яднаў вернікаў, зрабіўшы іх адзінаю вялікаю сям’ёю. Іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на словы з нядзельнага чытання пра нашу канчатковую мэту — «новае неба і новую зямлю», да якіх мы крочым не самі, не ў адзіноце, а менавіта ў гэтай вялікай Божай сям’і, шчодра надзеленыя дарамі Духа Святога.
Напрыканцы ўрачыстасці вернікі падзякавалі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за абвешчанае Божае слова і ўдзяленне сакрамэнту хрысціянскай сталасці, а таксама пробашчу ксяндзу Яну Крэмісу — за адданае служэнне ў парафіі, клопат пра яе развіццё і прыгожы прыклад шчырай малітвы.
Кожнаму, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў у падарунак «Новы запавет для дзяцей і моладзі» на беларускай мове, які быў падрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ і выдадзены ў выдавецтве «Pro Christo» ў 2019 годзе.
Ганна Шаўчэнка.
Фота Мікалая Новікава.