Слова галоўнага рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 5-га нумару 2022 г. часопіса «Ave Maria».
Хачу ісці следам за Табою заўжды,
туды, куды пажадаеш,
з Табою разам асвяціцца,
маленькая Гостыя любові!
Простае пшанічнае зярнятка,
змеленае Тваёю любоўю,
ахвяраванае Айцу разам з Табою, —
вось гімн вечнай хвалы!
Ты Валадарка і Пастырка,
ідучы наперад па свеце
ў пошуку рассеяных дзяцей,
прывядзі іх да свайго Матчынага Сэрца.
Ідзі ж, Нябесная Пасланніца,
па ўсёй зямлі,
не згубі ніводнага чалавека,
Ты іх Каралева і Апякунка.
Такімі пранікнёнымі словамі звярталася да Найсвяцейшай Панны Марыі сястра Люцыя, адна з фацімскіх візіянерак, якая пражыла доўгае жыццё, дадзенае ёй Богам для таго, каб была яна паслухмянаю прыладаю ў Яго руках, каб пашырала ў свеце Фацімскае пасланне і тлумачыла людзям яго сутнасць.
У сваёй кнізе «Пасланне з Фацімы. Як я разумею Пасланне праз прызму часу і падзеяў», якую выдавецтва «Про Хрысто» выдала ў 2017 г. да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, сястра Люцыя піша таксама пра галоўныя матывы Паслання. Адным з такіх матываў яна называе малітву: «Што вам рабіць? Маліцеся! Маліцеся шмат! Сэрцы Езуса і Марыі маюць намеры міласэрнасці да вас. Нястомна складайце Найвышэйшаму малітвы і ахвяры…»
У гэты складаны час, калі наш свет «вісіць на валаску», а людскія сэрцы поўняцца трывогаю і болем, усім нам сапраўды трэба, магчыма, як ніколі, вельмі шмат маліцца. Таму ў гэтым травеньскім нумары, традыцыйна прысвечаным Марыі, мы прапануем вам, дарагія чытачы, апроч шматлікіх цікавых Марыйных тэкстаў, набажэнства першых суботаў месяца, да якога заклікала падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая. Пачуйма Яе просьбы, бо сёння ад іх выканання ў многім залежыць лёс гэтага свету.
Крыстына Лялько