Удасканалім сэрцы па прыкладзе Божай Маці

Жнівеньскі нумар часопіса «Ave Maria» мы прысвяцілі Марыйнай пабожнасці, стараючыся заахвоціць чытачоў будаваць глыбейшыя адносіны з Божай Маці, пашыраць Яе культ і наследаваць Яе прыклад.

Ксёндз Юрый Дрозд у сваім артыкуле распавядае пра гісторыю Марыйнага культу ў вучэнні Каталіцкага Касцёла.

Ксёндз Андрэй Рылка у традыцыйнай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» тлумачыць, чаму ў адных краінах Марыйны культ развіты шырока, а ў іншых — значна менш. У той жа час айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра ўдасканаленне сэрца па прыкладзе Божай Маці.

Айцец Яўген Голуб OFMConv дзеліцца з чытачамі думкамі пра Марыю, якая паказвае найбольш пэўны і бяспечны шлях да Бога.

Пра ордэн кармэлітаў босых, пакліканых развіваць Марыйную духоўнасць, і яго дзейнасць распавядаюць наша пастаянная аўтарка Іна Бігель і настаяцель кляштара кармэлітаў босых у Мінску айцец Сяргей Трысцень.

Ганна Шаўчэнка на прыкладзе сваіх адносінаў з маленькім сынам разважае пра значэнне маленькіх сімвалаў нашых адносінаў з Богам і Божай Маці і важнасць таго, каб яны не ператварыліся для нас у магічныя талісманы.

Пра значэнне і сімволіку аднаго з найстаражытнейшых Марыйных гімнаў Magnificat («Велічае душа мая Пана…») распавядае чытачам Юлія Шэдзько.

У матэрыяле Галіны Калевіч, як заўсёды, можна пазнаёміцца з жывымі сведчаннямі веры. На гэты раз пра сваё пакліканне і апостальскую працу распавядаюць члены Легіёна Марыі Уладзімір Канановіч і Люцыя Чалнакова.

У сваім артыкуле нястомны Віктар Ведзень працягвае распавядаць пра аўтамабільную пілігрымку вакол межаў Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Нас чакае апісанне пілігрымкі ў Мінск, Магілёў і Талачын.

Летам адбылося некалькі важных для беларускага Касцёла падзеяў, пра якія мы пішам у гэтым нумары Ave Maria. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі атрымаў з рука папы Францішка палій Мітрапаліта. У віцебскім мікрараёне Білева адбылося асвячэнне новага, пятага па ліку касцёла, названага ў гонар святога Ігнацыя Лаёлы. У гэты ж час адзначыў 550-гадовы юбілей касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі — адна з найпрыгажэйшых беларускіх святыняў.

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» віншуюць з пяцідзесяцігоддзем ксяндза Яна Крэміса, пробашча парафіі Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка і старшыню Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Мы шчыра дзякуем за шматгадовае супрацоўніцтва, за спрыянне і дапамогу ў выданні каталіцкай літаратуры.

Шчыра віншуем з 55-гадовым юбілеем айца Анатоля Ярошку OFMCap, які цяпер узначальвае рэлігійную місію «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з якім нас таксама звязвае плённае супрацоўніцтва і прыязнае сяброўства.

Жадаем шаноўным юбілярам апекі Божай Маці і натхнення Святога Духа ў пакліканні.

Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы::

Instagram.com/avemariaby

facebook.com/avemariaby

vk.com/avemariaby

ok.ru/avemariaby

t.me/avemariaby


Юлія Косава

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней