У першым восеньскім нумары часопіса «Ave Maria» мы вырашылі ўдзяліць асаблівую ўвагу культу Божай Маці з Ля Салет. Напэўна, многія чытачы чулі пра гэтыя марыйныя аб’яўленні, што адбыліся ў Францыі ў 1846 г., але ўсім, безумоўна, будзе цікава больш даведацца і пра самі аб’яўленні, і пра супольнасці і місіі, якія ўзніклі ў Каталіцкім Касцёле дзякуючы ім. На вокладцы часопіса мы публікуем Літанію да Маці Божай з Ля Салет.
Удзельнікі супольнасці Апостальства Салятынскай Сям’і ў Мінску Алена Русецкая, Вікторыя Амбражэй і Вадзім Бачкоўскі падрабязна распавялі чытачам «Ave Maria» пра гісторыю Салятынскіх аб’яўленняў і дзейнасць сваёй супольнасці, падзяліліся асабістымі сведчаннямі.
Кранальнымі сведчаннямі дзеяння Маці Божай Салятынскай у сваім жыцці дзеляцца таксама кс. Андрэй Бочар МS, які належыць да супольнасці айцоў салятынаў і працуе ў вёсцы Далёкія, што на Браслаўскіх азёрах, і сястра Івона Юзэфяк OCV з польскага горада Дэмбовец.
У гэтым нумары часопіса «Ave Maria» мы пачынаем новую рубрыку «Старонка касцёльнага суддзі», прысвечаную юрыдычным прадпісанням Касцёла адносна розных аспектаў жыцця вернікаў. Яе будзе весці кс. Кірыл Бардонаў. Першы матэрыял рубрыкі прысвечаны абавязкам хросных бацькоў.
Ксёндз Андрэй Рылка у традыцыйнай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» тлумачыць, ці варта веруючаму чалавеку звяртаць увагу на свае сны.
Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра тое, чаму няма прарока ў сваёй айчыне.
Галіна Калевіч падрыхтавала вельмі чулае і глыбокае інтэрв’ю з Марыяй Леанардаўнай Руткоўскай, адной з першых і найстарэйшых легіянерак Марыі ў Беларусі. Інтэрв’ю публікуецца з нагоды яе 85-гадовага юбілею.
Пра місіі, якія прайшлі ў парафіі Mаці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, распавядае Марыя Мяжэвіч.
Віктар Ведзень працягвае распавядаць пра аўтамабільную пілігрымку вакол межаў Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Гэтым разам ён прапануе чытачам завітаць у Шэметава, Засвір і Свір.
Шаноўныя чытачы! Мы заўсёды рады бачыць вашыя водгукі на публікацыі ў «Ave Maria» і запрашаем вас пісаць нам і дзяліцца сваімі думкамі і сведчаннямі. Гэтым разам мы публікуем ліст Антаніны Святохі з парафіі св. Юзафа ў Маладзечне.
Айцы дамінікане сардэчна запрашаюць усіх на Ружанцовы кангрэс, які пройдзе ў Магілёве 1 кастрычніка пад дэвізам: «Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання». Рэгістрацыя абавязковая! Арганізатары кангрэсу просяць паведаміць пра свой удзел у ім да 25 верасня.
Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:
Юлія Косава
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

