Упэўненасць у штодзённым Божым клопаце пра нас і спакойнае прадчуванне радасці — з такімі пачуццямі закрываеш апошнюю старонку прачытанага снежаньскага нумара часопіса «Ave Maria». І гэта не нейкае саладжавае суцяшэнне, якое хтосьці можа ўбачыць у намерах аўтараў — проста дабро не крыклівае, у адрозненне ад зла, яно перамагае паступова, ціха, для кагосьці, можа, нават незаўважна….
Распачынаецца нумар урыўкам інтэрв’ю рэдактара часопіса Крыстыны Лялько з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім «Крочыць за жывым Езусам Хрыстом…» (цалкам інтэрв’ю будзе змешчана ў № 4 часопіса «Наша вера»). Ужо ў тых словах, якія вынесены ў загаловак і задаюць асноўны кірунак разважанням арцыбіскупа, пазначаны шлях, на якім мы сапраўды можам знайсці і захаваць сваю надзею.
«Божае Нараджэнне — гэта свята, якое аб’ядноўвае і стварае атмасферу даверу…», — піша кс. Юрый Дрозд у артыкуле «З гісторыі свята Божага Нараджэння». Як становіцца зразумела з гэтага падрабязнага гістарычнага экскурсу, далёка не адразу ў хрысціянстве гэтае свята мела такія багатыя традыцыі, якія дазвалялі адчуць гэтую цёплую атмасферу. Час літургічнага святкавання, увядзенне ў хрысціянскую гісторыю постацяў трох мудрацоў, развіццё культу Дзіцяткі Езуса — гэтыя і іншыя няпростыя пытанні закранае святар у сваім артыкуле.
«Ці дазваляецца ў Касцёле сужэнства з некатолікамі?» — так называецца матэрыял кс. Кірыла Бардонава ў рубрыцы «Старонка касцёльнага суддзі», дзе аўтар распавядае пра тое, якія цяжкасці могуць чакаць сужэнцаў з рознай канфесійнай прыналежнасцю.
Аднак, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, «любоў дае нам надзею, а надзея дазваляе жыць любоўю», як піша кс. Ян Твардоўскі ў падборцы кароткіх празаічных твораў на старонках часопіса. Пра вартасць надзеі разважаюць таксама Іна Бігель, маладыя людзі і падлеткі ў інтэрв’ю Паліны Грыб, наша юбілярка Данута Бічэль у вершы «Надзея» — рэдакцыя і чытачы таксама віншуюць выбітную паэтку з 85-годдзем.
Цікавыя і каштоўныя матэрыялы прапануюць святары, якія вядуць пастаянныя рубрыкі: кс. Андрэй Рылка («Святар адказвае на пытанне»), кс. Юрый Кулай («Школа малітвы»), а таксама нашыя таленавітыя аўтары Галіна Калевіч і Віктар Ведзень.
На вокладцы часопіса чытачы знойдуць «Навэнну да Дзіцяткі Езуса» з літаніяй і малітвамі на кожны дзень навэнны.
Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.