Малітва маці — школа даверу да Бога. Па старонках студзеньска-лютаўскага нумара «Ave Maria»

«Чалавек можа ахвяраваць сябе ў поўнай меры толькі тады, калі любіць, а любіць тады, калі пазнае Бога». Гэтае выказванне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, угрунтаванае на вучэнні Бэнэдыкта XVI, нібы падагульняе змест усіх матэрыялаў студзеньска-лютаўскага нумара часопіса «Ave Maria». Яно паходзіць са Слова на 2023 Пастырскі год «Апостальства свецкіх — надзея Касцёла ў Беларусі» (у часопісе змешчаныя фрагменты), дзе арцыбіскуп раскрывае неацэнную ролю свецкіх у развіцці Касцёла сярод выклікаў і крызісаў сучаснага свету. Нездарма аўтар у гэтым Слове звярнуў асаблівую ўвагу на актуальнае вучэнне Бэнэдыкта XVI, які з’яўляўся вялікім тэолагам сучаснасці і адышоў да Пана ў апошні дзень мінулага года. У часопісе змешчаны «Духоўны тэстамэнт папы Бэнэдыкта XVI», дзе Святы Айцец паказвае, што толькі Езус з’яўляецца шляхам, які вядзе да сапраўднай мэты.

Пазнанне гэтай мэты, пазнанне Бога — складанае, важнае і творчае заданне для свецкіх людзей, апостальству якіх, па словах рэдактара часопіса Крыстыны Лялько, будзе ўдзяляцца шмат увагі на старонках выдання ў гэтым годзе (гл. слова рэдактара «Хрысціянін — гэта місіянер Хрыста»). Асвятленне гэтай тэматыкі ў новым нумары распачынаецца з руху «Маці ў малітве». Пра гісторыю яго стварэння, пра яго пашырэнне ў Беларусі распавядае Галіна Горская ў сваім матэрыяле «Міжнародны рух „Маці ў малітве“ — школа даверу да Бога». Яна таксама прапануе чытачам інтэрв’ю з каардынатарам руху ў Беларусі Людмілай Губінай («Для гэтага трэба моцна верыць…»), дзе вядзецца гутарка пра важнасць мацярынскай малітвы, якая дапамагае перажыць жыццёвыя выпрабаванні і прыняць Божую волю. Сведчаннем таго, які плён у жыцці можа прынесці малітоўная практыка руху «Маці ў малітве», дзеліцца Алена Бацкалевіч у артыкуле «Для нас гэта — дар з неба». Пра розныя духоўныя аспекты мацярынства, нюансы хрысціянскага сталення і ўспрыняцце сябе як Божага стварэння разважаюць іншыя аўтары часопіса. Сярод іх — айцец Юрый Кулай, які вядзе пастаянную рубрыку «Школа малітвы» (артыкул «Нялёгкі шлях да сталасці»). Аўтар пастаяннай рубрыкі «Старонка касцёльнага суддзі» ксёндз Кірыл Бардонаў адказвае на пытанне: «Ці можна выканаць абавязак быць на нядзельнай Імшы ў іншы дзень тыдня?».

Рэдакцыя часопіса віншуе з юбілеем выдатную хрысціянскую пісьменніцу, якая шмат зрабіла для развіцця каталіцкага друку і на працягу 22-х гадоў была рэдактарам часопіса для дзетак «Маленькі рыцар Беззаганнай», Ірыну Жарнасек.

На вокладцы часопіса чытачы знойдуць «Навэнну да святога Казіміра».

Ганна Шаўчэнка


Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней