Пасланне Святога Айца Францішка на Вялікі пост 2023
21.02.2023|Падзеі

Велікапоснай аскезе і сінадальнаму шляху прысвечана сёлетняе Пасланне Святога Айца Папы Францішка на Вялікі пост, які распачынаецца 22 лютага.

Велікапосная аскеза, сінадальны шлях

Дарагія браты і сёстры!

Евангеллі паводле Мацвея, Марка і Лукі згодна апісваюць падзею перамянення Езуса. Мы бачым у ёй адказ Пана на неразуменне Яго вучняў, бо крыху раней дайшло да сур’ёзнага непаразумення паміж Настаўнікам і Сымонам Пятром, які, вызнаўшы веру ў Езуса як Хрыста, Божага Сына, адкінуў Ягонае прадказанне мукі і крыжа. Езус сурова дакарыў яго: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!» (Мц 16, 23). А «праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару» (Мц 17, 1).

Евангелле аб перамяненні Пана абвяшчаецца ў кожную другую нядзелю Вялікага посту. Сапраўды, у гэты літургічны перыяд Пан бярэ нас з сабою і вядзе ў адасобленае месца. Нават калі нашыя звычайныя абавязкі патрабуюць, каб мы заставаліся там, дзе знаходзімся, у штодзённай і часам нуднай руціне, тым не менш, у перыяд Вялікага посту мы запрошаныя ўзысці «на высокую гару» разам з Езусам, каб перажыць разам са святым Божым народам асаблівы досвед духоўнай дысцыпліны – досвед аскезы.

Велікапосная аскеза – гэта заўсёды падмацаванае ласкай імкненне пераадольваць свой недахоп веры і нежаданне ісці за Езусам крыжовым шляхам. Менавіта гэта было неабходна Пятру і іншым вучням. Каб лепш ведаць Настаўніка, каб больш поўна зразумець і прыняць таямніцу боскага збаўлення, здзейсненага праз цалкавіты дар сябе з любові, мы павінны дазволіць Яму весці нас у аддаленыя мясціны і на гару, адмаўляючыся ад пасрэднасці і марнасці. Трэба вырушыць у дарогу, пад гару, што патрабуе высілку, ахвярнасці і канцэнтрацыі, як горны паход. Гэтыя намаганні маюць значэнне і для сінадальнага працэсу, у якім мы ўдзельнічаем як Касцёл. Будзе карысным паразважаць над лучнасцю, якая існуе паміж велікапоснай аскезай і сінадальным досведам.

На «рэкалекцыі» на гары Табор Езус бярэ з сабою трох вучняў, выбраных быць сведкамі ўнікальнай падзеі. Ён жадае, каб гэты досвед ласкі не быў індывідуальным, але супольным, як, зрэшты, усё нашае жыццё веры. За Езусам трэба ісці разам. Як пілігрымуючы ў часе Касцёл, мы разам перажываем літургічны год, а ў ім – Вялікі пост, ідучы разам з тымі, каго Пан паставіў поруч з намі ў якасці спадарожнікаў. На прыкладзе ўзыходжання Езуса з вучнямі на гару Табор можам сказаць, што наш велікапосны шлях з’яўляецца «сінадальным», бо мы ідзем па ім разам і адной дарогай, як вучні аднаго Настаўніка. Мы ведаем, што Ён сам з’яўляецца Дарогай, а таму, як у літургічным, так і ў сінадальным шляху, Касцёл не робіць нічога іншага, як толькі ўсё глыбей і паўней уваходзіць у таямніцу Хрыста Збаўцы.

І вось мы дасягаем кульмінацыйнага пункту. Евангелле апавядае, што Езус «перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло» (Мц 17, 2). Гэта «вяршыня», мэта падарожжа. Тром вучням, якія ўзыйшлі і былі з Езусам на высокай гары, даецца ласка ўбачыць Яго ў Ягонай хвале, ззяючага звышнатуральным святлом, якое не паходзіла звонку, але выпраменьвала з Яго самога. Боская прыгажосць гэтай візіі была непараўнальна большай за ўсе высілкі, якія вучням давялося прыкласці ў дарозе на гару Табор. Так у любой цяжкай горнай вандроўцы мы павінны ўважліва глядзець на сцежку, пакуль узыходзім наверх, але панарама, якая адкрываецца ў канцы, захапляе і адплачвае нам сваёй веліччу. Падобным чынам і сінадальны працэс часта здаецца нялёгкім, мы можам часам упасці духам. Але тое, што чакае нас у канцы, несумненна будзе чымсьці цудоўным і захапляльным, што дапаможа нам лепш зразумець Божую волю і нашую місію ў служэнні Яго валадарству.

Досвед вучняў на гары Табор яшчэ больш узбагаціўся, калі побач з перамененым Езусам з’явіліся Майсей і Ілля, якія ўвасаблялі адпаведна Закон і Прарокаў (пар. Мц 17, 3). Навізна Хрыста – гэта спаўнне Старога Запавету і абяцанняў: яна непадзельна злучана з гісторыяй адносінаў Бога са сваім народам і адкрывае іх глыбокі сэнс. Гэтак жа сінадальны працэс укаранёны ў Традыцыі Касцёла і адначасова адкрыты на новае. Традыцыя з’яўляецца крыніцай натхнення ў пошуку новых шляхоў, пазбягання супрацьлеглых спакус стагнацыі і імправізаваных эксперыментаў.

Як аскетычны велікапосны шлях, так і сінадальны маюць на мэце перамену асабістую і эклезіяльную. Перамену, якая ў абодвух выпадках знаходзіць свой прыклад у перамяненні Езуса і здзяйсняецца дзякуючы ласцы Яго Пасхальнай таямніцы. Каб такое перамяненне магло адбыцца з намі сёлета, я хацеў бы прапанаваць дзве «сцежкі», якімі можна ісці, каб падняцца разам з Езусам і разам з Ім дасягнуць мэты.

Першая адносіцца да наказу, які Бог Айцец кіруе да вучняў на гары Табор, калі тыя сузіраюць перамененага Езуса. Голас з воблака кажа: «Яго слухайце» (Мц 17, 5). Такім чынам, першая падказка вельмі выразная: слухаць Езуса. Вялікі пост – гэта час ласкі ў той ступені, у якой мы слухаем таго, хто да нас прамаўляе. А як Ён да нас прамаўляе? Перадусім праз Божае слова, якое Касцёл прапануе нам у літургіі: не будзем жа глухімі да яго. Калі не атрымліваецца ўдзельнічаць у святой Імшы, можам самі чытаць біблійныя чытанні з Літургіі слова на кожны дзень, у тым ліку з дапамогай інтэрнэту. Акрамя Святога Пісання, Пан прамаўляе да нас у братах і сёстрах, асабліва ў абліччах і гісторыях тых, хто патрабуе дапамогі. Але таксама хацеў бы дадаць іншы аспект, вельмі важны ў сінадальным працэсе: слуханне Хрыста адбываецца таксама праз слуханне нашых братоў і сясцёр у Касцёле, праз узаемнае слуханне, якое ў некаторых фазах з’яўляецца галоўнай мэтай, але заўсёды застаецца неабходным ў метадзе і стылі сінадальнага Касцёла.

Калі пачулі голас Айца, «вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: “Устаньце і не бойцеся”. Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса» (Мц 17, 6-8). Вось другая прапанова на гэты Вялікі пост: не ўцякаць у рэлігійнасць, якая складаецца з надзвычайных здарэнняў і драматычных перажыванняў, баючыся сутыкнуцца з рэчаіснасцю і яе штодзённымі змаганнямі, цяжкасцямі і супярэчнасцямі. Святло, якое Езус паказвае вучням, ‒ гэта прадчуванне пасхальнай хвалы, што і павінна быць мэтай нашага падарожжа, калі мы наследуем «аднаго Езуса». Вялікі пост скіраваны на Пасху: «рэкалекцыі» не з’яўляюцца самамэтай, але рыхтуюць нас да перажывання мукі і крыжа з верай, надзеяй і любоўю, каб дайсці да Змёртвыхпаўстання. Таксама на сінадальным шляху, калі Бог дае нам ласку пэўных моцных перажыванняў камуніі, мы не павінны падманвацца, што ўжо дасягнулі мэты, бо і тады Пан паўтарае нам: «Устаньце і не бойцеся». Спусцімся ж на раўніну, і няхай ласка, якую мы спазналі, умацуе нас, каб мы былі будаўнікамі сінадальнасці ў звычайным жыцці нашых супольнасцяў.

Дарагія браты і сёстры, няхай Дух Святы натхняе і падтрымлівае нас у гэтым Вялікім посце падчас нашага ўзыходжання на гару з Езусам, каб мы спазналі Яго Боскае ззянне і, умацаваныя ў веры, маглі заставацца на шляху разам з Ім, які ёсць хвалою свайго народу і святлом для язычнікаў.

Рым, у св. Яна на Латэране, 25 студзеня 2023 г.,
у свята навяртання св. Паўла, апостала
ФРАНЦІШАК

Пераклад здзейснены
Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней