«Сям’я — гэта найпершы і, з розных прычынаў, найважнейшы шлях», — напісаў святы Ян Павел ІІ у Пасланні да сем’яў, урывак з якога ў перакладзе Крыстыны Лялько змешчаны на першых старонках сакавіцкага нумара «Ave Maria». Служэнню сям’і Касцёл заўсёды аддаваў шмат увагі і намаганняў, бо ў гэтай маленькай супольнасці чалавек нараджаецца і ўзрастае, з яе чэрпае сілы для грамадскага жыцця, для працы і творчасці. Таму новы нумар часопіса ў гэтым годзе, прысвечаным у Касцёле апостальству свецкіх, мы прысвяцілі руху сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame (Суполкі Маці Божай), які быў заснаваны ў Францыі ў 1939 годзе, а ў Беларусі дзейнічае з 2004 года.
Наша аўтарка Аліна Угорыч сцісла распавядае пра гісторыю руху ў артыкуле «Equipes Notre-Dame». Айцец марыянін Павел Федаровіч МІС у інтэрв’ю «Сужэнства — абяцанне, якое даецца на ўсё жыццё» (запісала Паліна Грыб) дзеліцца сваім досведам душпастырскай працы з сем’ямі ў Мінску, у Казахстане, а затым — у барысаўскай супольнасці END. Святар разважае пра выклікі, якія стаяць перад каталіцкай сям’ёй у ХХІ стагоддзі і пра тое, як удзел сем’яў у руху END дапамагае вернікам пераадольваць цяжкасці і ўзрастаць духоўна.
Людміла Чаган у артыкуле «Дзеянне Бога ў маім жыцці», а таксама Валерый і Алена Шымак у матэрыяле «Як мы апынуліся ў руху» дзеляцца цікавымі сведчаннямі пра тое, якія жыццёвыя шляхі прывялі іх да Суполак Маці Божай і як удзел у гэтым руху паўплываў на іх сужэнствы. «Цяпер разумею, што ўсе сітуацыі пасылаліся нам не проста так, — піша Людміла Чаган, — цяжкасці нас загартоўвалі, дзякуючы ім мы ўзрасталі духоўна. Спатрэбілася 10 гадоў маёй няспыннай малітвы за мужа, каб ён захацеў сам узрастаць у веры».
У рубрыцы «Старонка псіхолага» сястра Паўла Бобер MSF разважае пра асноўныя крыніцы цяжкасцяў і канфліктаў у сужэнствах («Канфлікты ў сужэнскім жыцці»), а таксама падказвае, як па-хрысціянску ставіцца да крыўдаў, здрадаў, спрэчак, нясталасці і іншых праблемных сітуацый. Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Убачыўшы іх веру…» (рубрыка «Школа малітвы») распавядае, як нашыя намаганні і вера дапамагаюць збаўляць іншых».
На старонках часопіса чытачы таксама знойдуць артыкулы кс. Андрэя Рылкі «Ці можа свецкі вернік падаваць святую Камунію?» і кс. Кірыла Бардонава «Ці можна паглядзець нядзельную Імшу ў інтэрнэце і не ісці ў касцёл?», разважанне Паліны Грыб «Залежнасць майго блізкага — гэта і мой крыж?», нататку Аксаны Данільчык «Нечаканая пілігрымка» і іншыя цікавыя матэрыялы. На вокладцы часопіса змешчана «Навэнна ў інтэнцыі сем’яў праз заступніцтва св. Максімільяна Кольбэ».
Ганна Шаўчэнка
Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.