Засталася праўда...

Гэткімі словамі можна апісаць уражанне, што пакінула пасля сябе сцэнічнае ўвасабленне Крыжовага шляху, паказанае нядаўна пасля нядзельнай святой Імшы ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага драматычным моладзевым калектывам парафіі святога Антонія.

Зрэшты, казаць, што калектыў парафіяльны, не зусім дакладна, бо прыкладна на 70 адсоткаў ён складаецца з моладзі (пераважна школьнага ўзросту), якая належыць да праваслаўнай канфесіі. Жывучы ў тым мікрараёне, дзе знаходзіцца гэтая парафія, маладыя людзі пастаянна прыходзяць у каталіцкую святыню на вуліцы Гагарына, каб штосьці абмеркаваць, пачытаць з гісторыі хрысціянства, проста паразмаўляць пра тое, што цікавіць, турбуе, вабіць.

Касцёл стаў для маладых людзей другім домам дзякуючы сястры Мажэне. Менавіта пад яе апекаю дзяўчаты і хлопцы знаходзяць тут не толькі магчымасць карыснага баўлення часу, але і шанец на духоўнае ўзрастанне, выяўленне ды развіццё творчых, у тым ліку артыстычных, здольнасцяў.

Распавядаць падрабязна пра дзеі, якія адбываліся падчас пастаноўкі, наўрад ці мэтазгодна, але варта адзначыць, што спектакль быў добра прадуманы сюжэтна і гэтак жа добра зрэжысаваны сястрою Мажэнай. Юныя акторы паставіліся да справы вельмі сур’ёзна і адказна. Менавіта таму ідэя пастаноўкі выяўлялася даходліва і выразна: «Глядзі на ўкрыжаванага Езуса і імкніся быць бліжэй да Яго, побач з Ім, бо, хаця Яго і забілі, праўда Яго засталася».

Парафія святога Антонія — родная парафія біскупа Віцебскай дыцэзіі Алега Буткевіча (у сэнсе шматгадовага месца працы ў ёй у якасці пробашча). Таму, зразумела, Яго Эксцэленцыя прысутнічаў на спектаклі і пасля яго ад імя прысутных шчыра падзякаваў артыстам і сястры Мажэне за сцэнічнае майстэрства і жаданне ды ўменне не толькі самім радавацца мастацтву і творчасці, але і далучаць да іх тых, хто побач.

Францішак Дубраўскі
Фота Васіля Мядзюхі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней