Выйшаў з друку новы нумар часопіса «Наша вера»
16.03.2023|Падзеі

Выйшаў новы, першы ў гэтым годзе, нумар часопіса «Наша вера», аўтары якога — мастацтвазнаўцы, гісторыкі, паэты, мастакі і літаратуразнаўцы. Запрашаем набываць нумар у парафіяльных кіёсках і бліжэй пазнаёміцца са зместам часопіса.

Гэты нумар часопіса пачынаецца прамоваю Папы Бэнэдыкта XVI «Разумнае сэрца. Разважанні над асновамі права», з якою ён выступіў 22 верасня 2011 г. у Германіі і якая застаецца актуальнаю і ў наш час, бо прачытваецца сёння як мудрае айцоўскае настаўленне для ўсіх нас.

У рубрыцы «Прэзентацыя» змешчаны шэраг матэрыялаў з нагоды перакладу на беларускую мову Кодэксу кананічнага права.

У рубрыцы «In memoriam» друкуецца інтэрв’ю, запісанае на «Радыё Марыя», з ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам, які адышоў у вечнасць 28 лютага гэтага года.

У рубрыцы «Ad fontes» увазе чытачоў прапануецца «Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі» вядомага гісторыка, краязнаўцы Аляксандра Ельскага.

У арт. «Апостал уніі» ў рубрыцы «Постаці» гісторык-архівіст Андрэй Шпунт знаёміць чытачоў часопіса з дзейнасцю айца Язафата Бражыца, які быў вядомы як пашыральнік культу святога Язафата Кунцэвіча і культу Багародзіцы.

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі прапануе ўвазе чытачоў арт. «Будслаўскі касцёл і шляхецкія гербы XVII».

Пра выставу арнатаў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі піша мастацтвазнаўца Надзея Усава у арт. «Літургічны гардэроб…».

У рубрыцы «Пераклады» змешчаны ўрыўкі з паэмы Івана Франко «Смерць Каіна» ў перастварэнні на беларускую мову Алеся Бразгунова.

Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч у эсэ «Велікодная прыпавесць пра дрэва Крыжа ў творчай спадчыне Юльяна Эйсманда» разважае пра хрысціянскую сімволіку. Тут жа друкуецца вершаваная прыпавесць Ю. Эйсманда «Легенда пра дрэвы» ў яе перакладзе з польскай мовы.

У рубрыцы «Паэзія» змешчана падборка вершаў Дануты Бічэль «Сямейны альбом пра каханне і пра любоў».

Творчасці вядомай беларускай пісьменніцы Ірыны Жарнасек прысвечаны арт. доктара філалагічных навук Галіны Тычко «Літаратурны човен Ірыны Жарнасек».

Паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык прапануе ўвазе чытачоў сваё эсэ «Веру ў бязмежныя цуды…» пра творчасць італьянскай паэткі Антоніі Поццы. Тут жа друкуюцца вершы паэткі ў перакладзе А. Данільчык.

Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік друкуе свае ўспаміны пра Анатоля Іверса, першы зборнік вершаў якога адрэдагаваў вядомы каталіцкі святар Адам Станкевіч.

Пра выставу кс. Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» піша мастацтвазнаўца Алена Крывенькая ў эсэ «Галоўнае — быць шчырым».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней