Любоўю захапіць увесь свет. Па старонках кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria»

Жыццё чалавека немагчымае без цярпення, і чым больш цяжкасцяў мы сустракаем на сваім шляху — тым больш на ім разліваецца Божая ласка і міласэрнасць. З такім перакананнем я перагортваю апошнюю старонку прачытанага мною кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria», многія матэрыялы якога прысвечаны знакавым падзеям і датам у жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў свеце.

З нагоды гістарычных юбілеяў заснавання Мінскай дыяцэзіі (225-годдзе) і Магілёўскай архідыяцэзіі (240-годдзе) у часопісе публікуецца ўрывак з паслання Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага («Гістарычныя падзеі»). Ксёндз Кірыл Бардонаў у артыкуле «Аддаць сваё жыццё за іншых» распавядае пра трагічны лёс сям’і Юзафа і Вікторыі Ульмаў, іх ахвярнасць і адкрытасць на бяду бліжняга (беатыфікацыя сужэнцаў і іх семярых дзяцей адбылася 10 верасня ў вёсцы Маркова ў Польшчы).

Вялікі блок матэрыялаў у кастрычніцкім нумары часопіса прысвечаны святой Тэрэзе ад Дзіцяткі Езуса — сёлета ў Касцёле адзначаецца 150-годдзе з дня яе нараджэння. Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра тое, якім чынам маладая французская манашка сваім простым жыццём і любоўю да Бога і людзей захапіла ўвесь свет, а таксама пра тое, як пагадзіць праўду пра Божую справядлівасць з морам няшчасцяў на зямлі («Найвялікшая святая сучаснасці»). Пра жыццёвы шлях і духоўнасць святой Тэрэзы распавядае айцец Андрэй Авен OCD у артыкуле «„Малая дарога“ вялікай святой», а сястра М. Магдаліна Кулай, кармэлітка ад Дзіцяткі Езуса, дзеліцца сведчаннем пра сваё пакліканне («Маё знаёмства са святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча»).

Акурат 10 гадоў таму ў Беларусі адбылася перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы. Пра плён гэтай вялікай духоўнай акцыі, а таксама пра яе арганізацыю ўспамінае айцец Пётр Фраштэнга OCD у артыкуле «Сястра Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча была са мною, быццам жывая…».

Свецкія вернікі таксама дзеляцца ў часопісе сваім перажываннем духоўнага сяброўства са святой Тэрэзай, а паэтка Данута Бічэль прапануе верш, прысвечаны ёй.

Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Сведчанне», «Старонка псіхолага», у матэрыялах нашых пастаянных аўтараў ксяндза Андрэя Рылкі, сястры Паўлы Бобер MSF, Ірыны Жарнасек, Галіны Калевіч, Віктара Ведзеня і інш.

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней