Сустракайце новы нумар часопіса «Наша вера»!
28.12.2023|Падзеі

Гісторыя Касцёла ў Беларусі і найбольш знакамітых святыняў нашага Краю, выбітныя асобы мінуўшчыны, якія паўплывалі на развіццё Касцёла і сакральнага мастацтва, даследаванні і ўспаміны — усё гэта ажывае яркімі фарбамі на старонках чацвёртага нумара квартальніка «Наша вера». Запрашаем вас, шаноўныя чытачы, пазнаёміцца з новымі публікацыямі гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, паэтаў і пісьменнікаў у нашым часопісе.

Гэты нумар часопіса пачынаецца публікацыяй даклада арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч і заснаванне Магілёўскай мітраполіі», прачытанага ў Магілёве з нагоды юбілею мітраполіі.

225-годдзю Мінскай дыяцэзіі прысвечаны рэферат ксяндза Юрыя Дразда.

У рубрыцы «Постаці» друкуецца артыкул гісторыка Андрэя Шпунта «Айцец Адам Абрамовіч SJ — першы рэктар Collegium Nobilium у Вільні».

Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка і Іван Сінчук у артыкуле «Бэнэдыктынскі цудатворны абраз Дзевы Марыі Весабрунскай» прапануюць чытачам заканчэнне сваіх разважанняў пра адну з найкаштоўнейшых каталіцкіх святыняў.

У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца артыкул рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага «Род Альдабрандзіні — апекуноў мастацтва» (разважанне аб італьянскім паходжанні Будслаўскай Адзігітрыі).

Ганна Шаўчэнка ў артыкуле «Абраз Маці Божай Будслаўскай: новыя старонкі ў гісторыі і сучаснасці» распавядае пра кнігу «Апякунка Беларусі» (Мінск, «Про Хрысто», 2023).

У рубрыцы «Вяртаючыся да надрукаванага» змешчана даследаванне Алега Глекава «Гісторыя працягваецца…» пра сучасныя копіі і спісы абраза Маці Божай Будслаўскай.

Гісторык Таццяна Шумель прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Вандруем па святынях. Касцёл у Радашковічах».

Мастацтвазнаўца Галіна Флікоп-Світа ў артыкуле «Іконы ў хаце беларусаў» цікава апавядае пра рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў у інтэр’еры сялянскага жытла.

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы паэтаў Дануты Бічэль і Георгія Ліхтаровіча.

225-годдзю з дня нараджэння А. Міцкевіча прысвечана публікацыя літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч «О Марыя з Барунаў, ратуй…» і вершы паэта ў яе перакладзе.

У рубрыцы «Пераклады» друкуюцца вершы вядомай рускай паэткі, філолага, перакладчыцы Вольгі Седаковай у перастварэнні на беларускую мову Аксаны Данільчык.

У эсэ Крыстыны Лялько «Скрыганова поле» апавядаецца пра ўшанаванне памяці вядомага беларускага пісьменніка ягонымі нашчадкамі.

Магістр мастацтвазнаўства Ян Лысы ў артыкуле «Аповесць Васіля Быкава „Ліквідацыя“ і яе экранізацыя» распавядае пра сусветнавядомы твор беларускага пісьменніка і яго ўвасабленне ў кіно.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней