«У любові няма страху…». Па старонках красавіцкага нумара часопіса «Ave Maria»

Страх і адвага — гэтыя паняцці неадлучна спадарожнічаюць евангельскім апісанням мукі і ўваскрасення Хрыста. Яны ж уваходзяць і ў нашае жыццё ў самыя няпростыя, пераломныя моманты і могуць прыносіць свае асаблівыя плады, калі мы ў сваіх перажываннях спрабуем чэрпаць сілу ад Уваскрослага. Таму невыпадкова паняцці страху і адвагі мы разглядзелі ў многіх матэрыялах красавіцкага нумара «Ave Maria».

Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Тамаш не верыць» (рубрыка «Школа малітвы») разважае пра тое, чаму мы не маем жывой радасці ад надзеі на ўваскрашэнне, а таксама пра тое, што кожнага з нас чакае асабістая сустрэча з Езусам уваскрослым і выпрабаванне нашай веры, падобнае да Тамашовага.

«Чаго баяцца католікі?» — у матэрыяле пад такою назваю айцец Дар’юш Кавальчык SJ дзеліцца сваімі думкамі пра страх вернікаў за лёс Касцёла. Многім вернікам вельмі добра знаёмы страх перад споведдзю — пра яе асабістае перажыванне піша святая Фаўстына Кавальская, думкі якой сабраныя ў артыкуле пад назваю «Спаведнік — гэта лекар душы» (абодва матэрыялы падрыхтавала і пераклала з польскай Крыстына Лялько).

Тэрэза Клімовіч у публікацыі «Божае святло супраць самых вялікіх страхаў» акцэнтуе ўвагу чытачоў на тым, што ёсць добры страх, які бароніць чалавека, і дрэнны, які руйнуе. «Ці ёсць ува мне той страх, які забірае жыццё? Колькі яго? Які ён?» — аўтарка запрашае кожнага паразважаць над гэтымі пытаннямі з выкарыстаннем духоўнага практыкавання, асноваю якога з’яўляецца ігнацыянскі рахунак сумлення.

Сваім жыццёвым досведам у пераадоленні розных страхаў і трывогаў дзеляцца Паліна Грыб («Я баюся… цішыні»), Іна Амельчанка («У любові няма страху») і Ганна Шаўчэнка («Як вытрываць у „Аліўным садзе“ душы?»), а Галіна Калевіч прапануе на старонках часопіса інтэрв’ю з Кацярынай Расохай («Не бойся. Толькі вер»), якая ў аповедзе пра сваё навяртанне сцвярджае, што «адвага — гэта поўны давер Пану Богу і разуменне таго, што, калі Бог дае табе нейкае заданне, то абавязкова дасць і сілы для яго выканання».

Гэтыя і шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы (у рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Старонка псіхолага», паэзія і рэпартажы) чытайце ў красавіцкім нумары часопіса «Ave Maria». На апошніх старонках вокладкі прапануюцца «Малітвы да ўваскрослага Езуса Хрыста».

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней