Велікодны вечар у бібліятэцы

Пра вечарыну «Светлае свята — Вялікдзень», якое адбылося ў Віцебску і было прымеркавана да 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі.

У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына “Светлае свята – Вялікдзень“. Гэтым разам мерапрыемства ладзілася адмыслова ў перыяд паміж велікоднымі ўрачыстасцямі каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў і было прысвечанае 25-годдзю з дня заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Удзел у ім, як заўсёды, узялі вернікі абедзвюх канфесій, неабыякавыя да хрысціянскіх традыцый жыхары горада, аматары рэлігійных спеваў, прыхільнікі роднага слова.

Згодна з заяўленым прысвячэннем, з расповедам пра гісторыю касцёла на Віцебшчыне і яе сённяшні дзень звярнуўся да прысутных біскуп Алег Буткевіч. Ён узгадаў добрым словам працу па ўтварэнні дыяцэзіі свайго папярэдніка біскупа Уладзіслава Бліна, распавёў пра тое, што значыла яе станаўленне ў плане развіцця душпастырства ў рэгіёне, пра клопаты і варункі цяперашняга існавання. Насычаная разважаннямі тэалагічнага характару прамова ардынарыя выклікала ў аўдыторыі шчырую зацікаўленасць і сталася выдатным пралогам да наступных дзеяў.

Літаратурную частку свята склалі творы беларускіх паэтаў, што ў розныя гады пабачылі свет на старонках часопіса «Наша вера» — звяртацца да іх падчас такіх імпрэзаў даўно сталася добрай традыцыяй. Вершы Рыгора Барадуліна, Ірыны Багдановіч, Эдуарда Акуліна хораша ўпісаліся ў сюжэт імпрэзы ў майстэрскім выкананні парафіянак касцёла Езуса Міласэрнага Вольгі Аўчыннікавай і Святланы Бароўскай, а таксама вядоўцы праграмы, загадчыцы, аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі Ларысы Рагачовай.

Як заўсёды, нікога не пакінулі абыякавым густоўныя спевы хору катэдральнага касцёла пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы Мровец. Малітоўнасць зместу спеваў у спалучэнні з артыстызмам выканальніц надавалі мерапрыемству святочнасць, як і вельмі дарэчны музычны падарунак у выглядзе спеву пад гітару біскупа Алега Буткевіча.

Наогул, падарункаў у гэты вечар хапала: гасцям – у выглядзе падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі змястоўнай выставы выданняў рэлігійнага зместу; гаспадарам і чытачам установы – кнігі выдавецтва «Про Хрысто» “Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны” Раісы Зянюк і апошняга нумара часопіса «Наша вера»; артыстам – прэзентаваных канцлерам дыяцэзіяльнай курыі ксяндзом Віктарам Місевічам і вікарыем катэдральнага касцёла ксяндзом Генадзем Рэйшалем літургічных календароў. А галоўным падарункам усім, безумоўна, быў запамінальны вечар з нагоды свята Змёртвыхпаўстання Пана.

Францішак Дубраўскі
Здымкі Аксаны Гудзелевай

Цэтлікі: Вялікдзень

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней