«Да Сэрца літасцівага Твайго…». Па старонках чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria»

«Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці» — у гэтых словах змяшчаецца ідэя пераважнай большасці матэрыялаў з новага, чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria». Нагадаем, што месяц чэрвень у Каталіцкім Касцёле прысвечаны асабліваму ўшанаванню Божага Сэрца, і рэдакцыя разам з аўтарамі запрашае чытачоў паразважаць над Яго бязмежнаю міласэрнасцю і ўсемагутнасцю, айцоўскаю чуласцю і веліччу.

З вялікаю радасцю і ўдзячнасцю Божаму Провіду мы змяшчаем на старонках новага нумара матэрыялы, прысвечаныя гістарычным і святочным падзеям у Каталіцкім Касцёле Беларусі: артыкул ксяндза Міколы Гракава «Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям» пра біскупскае пасвячэнне каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя (у часопісе падаецца таксама геральдычнае апісанне герба новага іерарха); рэпартаж гэтага ж аўтара «Захавай нас, Пане, у Тваім міласэрным Сэрцы…» пра сустрэчу ўдзельнікаў касцёльных рухаў у Будславе і прысвячэнне іх Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса; артыкул ксяндза Андрэя Рылкі «Наследаваць Апостала Палесся» пра ўрачыстасці ў Іванаве, прысвечаныя ўшанаванню святога Андрэя Баболі; а таксама віншаванні з юбілейнымі датамі, адрасаваныя вернікамі біскупу Казіміру Велікасельцу, святарам Паўлу Врубелю, Андрэю Жылевічу, Юрыю Кулаю.

У артыкуле «Кананізацыя злачынцы» з рубрыкі «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай дзеліцца з чытачамі разважаннямі пра тое, якім чынам у нялёгкіх, драматычных жыццёвых сітуацыях можна распазнаць найвышэйшыя каштоўнасці і праз давер да Сэрца Езуса скіравацца да Вечнага Дабра.

«Ці дзейнічае благаслаўленне праз інтэрнэт?» — на такое пытанне ў аднайменным артыкуле адказвае ксёндз Андрэй Рылка, разважаючы пра асаблівасці он-лайн камунікацыі вернікаў са святаром на супольнай малітве.

Глыбей пазнаёміцца з культам Найсвяцейшага Сэрца Езуса чытачам дапаможа таксама матэрыял, падрыхтаваны Крыстынай Лялько, якая прапануе ўрыўкі з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай, прысвечаныя гэтаму «палымнеючаму вогнішчу міласці» (публікацыя «Да Сэрца літасцівага Твайго…»); артыкул Іны Бігель «З гісторыі абраза Сэрца Езуса», Ірыны Дзенісенка і Алены Прыгара «Крочым да святыні» (пра служэнне ў Будславе ксяндза Станіслава Жука і гісторыю ўзнікнення абраза, перад якім адбудзецца ўрачыстае прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса).

Чытачоў таксама чакаюць іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Старонка псіхолага», «На кніжнай паліцы», «Сведчанне», рэпартажы, духоўныя разважанні, паэтычныя творы. На старонках вокладкі вы знойдзеце «Парадак інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў сям’і».

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней