Пачатак восені стаў надзвычай плённым у жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, і гэта знайшло сваё непасрэднае адлюстраванне на старонках кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria».
Адметнае месца ў ім займаюць некалькі матэрыялаў, падрыхтаваных з нагоды біскупскага пасвячэння ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, якое адбылося 7 верасня ў пінскай катэдры (артыкулы «Ісці за Езусам, Добрым Пастырам…», «Геральдычнае апісанне герба біскупа Андрэя Зноскі»).
Сёлета адзначае 35-годдзе біскупскай сакры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — рэдакцыя шчыра віншуе яго і прапануе чытачам урывак з яго даўняй гаміліі «Дзе ёсць біскуп — там ёсць Касцёл», у якой пастыр разважае пра цяжкасці біскупскага служэння ў наш час.
У гэтым нумары мы аддаем таксама пашану кардыналу Казіміру Свёнтку — 21 кастрычніка споўнілася 110 гадоў з дня яго нараджэння, пра што піша рэдактар часопіса Крыстына Лялько ў артыкуле «Прыклад яго веры». З гэтай нагоды ў часопісе друкуюцца ўрыўкі з кнігі «Мяне заўсёды ратавала вера…», выдадзенай у 2021 г. Так, на старонках часопіса паўстаюць успаміны арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча («Добры пастыр, які даверыўся Богу»), біскупа Ежы Мазура SVD («Плён яго працы, малітвы і цярпенняў»), айца Аркадзя Куляхі OCD («Незвычайны і незаменны»).
Яшчэ адзін важны юбілей у Касцёле — 800-годдзе стыгматаў святога Францішка Асізскага, з гэтай нагоды цэнтральным стрыжнем праз кастрычніцкі нумар часопіса праходзіць тэма стыгматаў. Ксёндз Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» разважае над праблемаю: «Стыгматы: Божая ласка ці выпрабаванне?», а паэтка Аксана Данільчыц прапануе пераклад з італьянскай мовы «Разважання першага аб таямніцы святых стыгматаў» — часткі старажытнага твора ХІІІ ст., прысвечанага святому Францішку. Вершы паэткі Дануты Бічэль «Да святога Францішка» і «Паміж сонцам і часам» — гэта нібы лірычны духоўны дотык да стыгматаў Францішка Асізскага і да напоўненага цудамі жыцця гэтага святога.
Пра стыгматы ў сімвалічным сэнсе, пра сэнс і прычыны чалавечага цярпення пішуць Тэрэса Клімовіч у артыкуле «Схіляючыся перад таямніцаю цярпення», Паліна Грыб у сведчанні «Пазначаныя абяцаннем вернасці», Ганна Шаўчэнка ў разважанні «Абясцэньванне і невымерная цана цярпення».
Акрамя гэтых матэрыялаў, чытачоў кастрычніцкага нумара чакаюць публікацыі пра кансэкрацыю касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах, пра абнародаванне афіцыйнага дакумента адносна аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і, цікавыя артыкулы нашых пастаянных аўтараў а. Юрыя Кулая OCD у рубрыцы «Школа малітвы», сястры Паўлы Бобер MSF у рубрыцы «Старонка псіхолага», а таксама глыбокія сведчанні веры ад нашых чытачоў.
Ганна Шаўчэнка
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.