«Сустрэча з Богам між радкоў». Па старонках лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

Сёлета лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» — святочны, юбілейны! Роўна 30 гадоў таму Маці Міласэрнасці, успамін якой акурат адзначаецца 16 лістапада, сабрала неабыякавых да пашырэння Божага слова людзей і з’яднала іх адною справаю — падрыхтоўкаю і выданнем беларускамоўнага каталіцкага часопіса, які ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ствараецца пад дэвізам: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе…» (абяцанне Маці Божай Фацімскай). Сардэчна дзякуючы шматлікім чытачам, аўтарам і дабрадзеям (у «Слове рэдактара» Крыстыны Лялько), рэдакцыя часопіса публікуе на старонках выдання шчырыя водгукі-віншаванні верных чытачоў — Марыны Бурш, Бэрнарды Мілашэўскай, Алены Барахоўскай, Вікторыі Куклінай, Людмілы Страчынскай, Антаніны Святохі, Марыі Качаноўскай, Кацярыны Рагіні.

Ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Каталіцкая прэса ХХІ стагоддзя: друкаваная ці электронная?» разважае пра ролю і значэнне друкаванай каталіцкай прэсы ў сучасным свеце. Аўтар прыводзіць шмат пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што яна і надалей будзе карыстацца попытам, нягледзячы на высокі ўзровень развіцця электронных медыя.

Маладая і ўжо пастаянная аўтарка часопіса Паліна Грыб у артыкуле «Сустрэча з Богам між радкоў» распавядае пра сваё знаёмства з часопісам і пра тое, якую ролю ён адыграў на яе шляху духоўнага сталення, а Іна Бігель у публікацыі «Нязведаныя шляхі Бога» дзеліцца досведам сваёй працы ў рэдакцыі часопіса «Ave Maria».

Пра значныя падзеі ў жыцці Касцёла на нашай Бацькаўшчыне вядзецца гаворка ў артыкулах Галіны Калевіч («Баруны: каранацыя цудадзейнага абраза»), Сабіны Радзько («З любоўю да Бога і бліжніх» — пра святкаванне ўрачыстасцяў, прысвечаных 25-годдзю Віцебскай дыяцэзіі і 15-годдзю кансэкрацыі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага), Віктара Ведзеня («…Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» — пра перэгрынацыю копій цудадзейных абразоў Маці Божай у Шуміліне).

Айцец Юрый Кулай у артыкуле «Ачысціць вусны» ўздымае актуальную духоўную праблему — нячыстасць маўлення — у дзвюх яе праявах: вульгарызмах і скажэнні праўды.

Некалькі матэрыялаў у рубрыцы «In memoriam» прысвечана памяці спачылага ксяндза Рышарда Пэрчака, які служыў пробашчам у Белагрудзе на Гродзеншчыне.

Гэты нумар часопіса годна ўпрыгожвае незвычайная бібліятэчная знаходка літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч — верш-малітва паэта ХІХ стагоддзя Вінцэся Каратынскага, прысвечаны Панне Марыі Вастрабрамскай. Даследчыца прапануе чытачам яго пераклад на беларускую мову.

Гэтыя і іншыя цікавыя матэрыялы чытайце ў нашых пастаянных рубрыках. На вокладцы часопіса друкуюцца «Малітвы бацькоў у жалобе».

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней