
Міласэрнасць Божая, якая сыходзіць з Сэрца Езуса, давяраем Табе…
«Маё Сэрца — гэта сама міласэрнасць. З гэтага мора міласэрнасці
ласкі разліваюцца на ўвесь свет». (Дз 1777)
У Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай працягваюцца традыцыйныя пілігрымкі вернікаў у першыя суботы месяца. У сувязі з падрыхтоўкай да Юбілейнага года хрысціянства прапануюцца тэксты набажэнстваў, прысвечаных Божай Міласэрнасці і перапрашэнню Беззаганнага Сэрца Марыі.
- Навэнна да Божай Міласэрнасці (з разважаннямі з «Дзённіка» св. с. Фаўстыны на кожны месяц з 05.10.2024 г. да 07.06.2025 г.).
Спампаваць у памеры: A4, A5 - Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі з разважаннямі паводле святой сястры Фаўстыны Кавальскай.
Спампаваць у памеры: A4, A5 - Набажэнства да Божай Міласэрнасці (A4, A5):
- Разважанні (на выбар) з Дзённічка св. с. Фаўстыны (па чарговых днях Навэнны)
- Вяночак да Божай Міласэрнасці
- Літанія да Божай Міласэрнасці
У сувязі з падрыхтоўкай да Юбілейнага года хрысціянства нагадаем словы арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з яго паслання:
У Юбілейны год, які ў Паўсюдным Касцёле праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», вернікі нашай краіны малітоўна рыхтуюцца да ўрачыстага прысвячэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэта надзвычай важная падзея плануецца падчас сёлетняга Будслаўскага фэсту. З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі напісаў у сваім Пасланні: «Мае дарагія, 2025 год для ўсіх нас з’яўляецца напамінам пра бясконцую Божую міласэрнасць, бо менавіта сёлета спаўняецца 90 гадоў асаблівай малітве-просьбе да Бога — Вяночку да Божай Міласэрнасці, які падыктаваў святой сястры Фаўстыне сам Езус, заахвочваючы маліцца яго, каб ратаваць грэшнікаў. Дзякуючы малітве Вяночка, як сказаў Пан Езус сястры Фаўстыне, улагоджваецца Божы гнеў і праліваюцца неабходныя і шчодрыя ласкі. Святая Фаўстына, якой у гэтым годзе спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння, запісвае ў Дзённіку словы Езуса: «Скажы, што міласэрнасць — гэта найвялікшая ўласцівасць Бога… Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці…» (Дз., 300–301).
Таму стараймася як мага часцей звяртацца да гэтай малітвы як «начыння бязмежнай Божай Міласэрнасці», якая з’яўляецца крыніцай надзеі і спакою. Непакоячыся за лёс свету, Папа Ян Павел ІІ яшчэ ў 1980 годзе пісаў: «Неабходнасць гэтых пераломных і цяжкіх часоў патрабуе яшчэ раз адкрыць у тым самым Хрысце аблічча Айца, які ёсць Айцом міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння» (Dives in misericordia, 1).
Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства да Божай Міласэрнасці з’яўляецца кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 5 ліпеня 2025 года.
Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю і заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў да гэтай малітоўнай акцыі, падчас якой будзем дзякаваць за 2025 гадоў хрысціянства і перапрашаць Бога за грахі свету. Праз набажэнства да Божай Міласэрнасці будзем выпрошваць у Міласэрнага Бога літасці для свету і нашай краіны, для ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека.
Заахвочваю ўсіх вернікаў распаўсюджваць культ Божай Міласэрнасці, бо з ім звязаны пэўныя абяцанні Хрыста: «Душы, якія пашыраюць пашану Маёй міласэрнасці, Я ахоўваю ўсё жыццё, як чулая маці сваё немаўля, а ў гадзіну смерці Я буду для іх не Суддзёю, а міласэрным Збаўцам» (Дз., 1075).
Глядзі таксама