
Студзеньска-лютаўскі нумар часопіса «Ave Maria» запрашае чытачоў да асэнсавання асаблівага часу Божай ласкі —Юбілейнага году 2025, які Папа Францішак абвясціў пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
У сваім пастырскім слове «Быць пілігрымамі надзеі» арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч тлумачыць значэнне Юбілейных гадоў у хрысціянскай традыцыі, тэалагічны сэнс цноты надзеі і заахвочвае карыстацца ўсімі сакрамэнтальнымі ласкамі, якія кожны католік можа атрымаць у гэты важны перыяд. «Надзея павінна быць неад’емнаю часткаю жыцця кожнага хрысціяніна. Гэта важна ў сучаснай рэчаіснасці разгубленасці, страху, расчаравання і крызісу Касцёла і свету, калі ўсё цяжэй распазнаць праўду і ісці шляхам збаўлення», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пра найбольш важныя падзеі, звязаныя з адкрыццём Юбілейнага году ў Беларусі, распавядаецца ў публікацыях «Каб мы адчулі сябе Божымі дзецьмі» і «Адкрыццё Юбілейнага году 2025 у Апостальскай Адміністратуры для грэка-католікаў Беларусі» (паводле інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў).
«У чым сутнасць Юбілейнага году і як яго найбольш плённа перажыць?» — на гэтае пытанне ў аднайменным артыкуле адказвае ксёндз Андрэй Рылка. Святар тлумачыць чытачам сімволіку пераходу праз юбілейныя брамы і пілігрымавання да юбілейных святыняў, умовы атрымання спецыяльных адпустаў, якія Касцёл удзяляе вернікам у гэты асаблівы год, а таксама заахвочвае нас станавіцца апосталамі хрысціянскай надзеі.
Ксёндз Юрый Дрозд прапануе чытачам экскурс у мінуўшчыну і падрабязна распавядае пра тое, як Юбілейныя гады святкаваліся ў даўнейшыя часы («Гісторыя Юбілейных гадоў у Каталіцкім Касцёле»). У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD публікуе свой артыкул «Учора, сёння, заўтра…», у якім пераконвае чытачоў у тым, наколькі важна «трымаць раўнавагу паміж ведамі пра мінулае і ведамі пра будучыню, якія фармуюць шчасце сённяшняга дня», а таксама паказвае, што цэласнае і сістэматычнае чытанне Бібліі неабходна для праўдзівай, глыбокай малітвы, для фармавання ў нас гістарычнага мыслення і для асабістага асэнсаванага ўдзелу ў гісторыі збаўлення.
Пра духоўныя акцыі, якія плануюцца ў Беларусі ў сувязі са святкаваннем Юбілейнага году, распавядаецца ў артыкуле «Божая Міласэрнасць — надзея для свету…», дзе таксама нагадвае пра іншыя значныя юбілеі, а менавіта пра 90-годдзе Вяночка да Божай Міласэрнасці і 120-годдзе з дня нараджэння святой Фаўстыны Кавальскай. Крыстына Лялько прапануе чытачам свой пераклад урыўка з «Дзённіка» містычкі, дзе змешчаны глыбокія словы Пана Езуса, поўныя суцяшэння і любові («Размова міласэрнага Бога з душою ў роспачы»).
Чытачы таксама знойдуць на старонках часопіса іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Дакументы Касцёла», «На кніжнай паліцы», «Старонка псіхолага», «Нам пішуць». Гэты студзеньска-лютаўскі нумар упрыгожваюць вершы вядомых паэтак Дануты Бічэль, Ірыны Багдановіч, а таксама лірычныя творы некаторых нашых чытачоў. На апошніх старонках вокладкі змешчаны «Малітвы на Юбілейны год».
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.