Праз Марыю — да сэрца кожнага

8 лютага мінская парафія Маці Божай Шкаплернай гасцінна прымала ўдзельнікаў ІІ Кангрэсу Легіёну Марыі, які вядзе апостальскую дзейнасць у Беларусі ўжо больш за 30 гадоў.

На пачатку святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі сардэчна прывітаў легіянераў, дзякуючы Богу за існаванне Легіёну Марыі ў нашай краіне, заўважыўшы, што распаўсюджванне Божай навукі праз апостальства легіянераў уносіць значны ўклад у жыццё Касцёла. Ён пажадаў, каб на шляху апостальства ў легіянераў ніколі не апускаліся рукі, як яны ніколі не апускаліся ў Марыі. Легіянеры павінны памятаць, што жыццё Марыі не было лёгкім, але Яна заўсёды заставалася не толькі Маці Хрыста, а і надзейнай і вернай Яго памочніцай.

Праграма кангрэсу была насычанай і вельмі цікавай. Удзельнікі мелі магчымасць праслухаць тры канферэнцыі, абмеркаваць іх у групах у спецыяльна адведзены для гэтага час. Тэму Эўхарыстыі асвятляў айцец кармэліт Сяргей Трысцень, зазначыўшы, што Эўхарыстыя іграе неад’емную і важную ролю ў будаванні супольнасці любові паміж Богам і чалавекам. Касцёл жыве Эўхарыстыяй, рэальнай сустрэчай з Хрыстом, які перамяняе сэрцы. Удзел у Эўхарыстыі для легіянера — гэта духоўны пасілак. Легіянер Марыі пакліканы да апостальства — да пашырэння Божага Валадарства сярод людзей. Эўхарыстыя дае кожнаму легіянеру веру і сілу для служэння іншым, а ён сведчыць сваю адданасць Касцёлу і любоў, якую даў нам Хрыстус, сказаўшы: «Гэта Цела Маё, якое за вас выдаецца...». Легіянер, прыняўшы Цела Хрыста — сімвал еднасці, становіцца больш адкрытым на патрэбы іншых людзей, гатовым чыніць дабро, будаваць еднасць з супольнасцю.

Уладзімір Вайцяховіч, адзін з першых легіянераў Марыі, падзяліўся сваім досведам апостальства і шчырай любові да Марыі, разважаючы на тэму «Легіянерская прысяга як спосаб прысвячэння Найсвяцейшай Панне Марыі». Калісьці, прызнаўшыся Марыі ў любові, ён з упэўненасцю кажа, што легіянер павінен быць верным усім пунктам прысягі, бо «падчас яе складання атрымлівае ад Бога вялікае благаслаўленне». Ва ўсе часы зямнога існавання абяцанні заўсёды парушаў чалавек, які становіцца ўдзельнікам вайны паміж д’яблам і Богам. Каб перамагчы ворага, легіянеры павінны ўмець планаваць сваю работу, як войскі, выпрацоўваць сваю тактыку і стратэгію. Гэта ўсё ведае Марыя, як сведка дамовы легіянера з Духам Святым. Кожны легіянер мае Яе ў сваім сэрцы, таму мае і асаблівую апеку. Мы вучымся ў Марыі пакоры, любові, працы, вучымся не баяцца цяжкасцяў. Прысвячэнне Марыі — найлепшы спосаб захаваць сваё жыццё і, праз апостальскую місію, магчыма, — жыццё іншага чалавека.

Ксёндз Дзяніс Шастаковіч падзяліўся ўласнымі ведамі пра легіянерскі рух, растлумачыўшы, што быць ахрышчаным і быць хрысціянінам — не адно і тое ж. Легіянер, як сапраўдны хрысціянін, павінен быць апосталам, імкнуцца да евангелізацыі. Мэта Легіёну Марыі — праслаўленне Бога і асвячэнне членаў Легіёну праз штодзённую малітву, спалучаную з ахвярай, штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Для гэтага неабходны духоўны рост. «Дзякуючы рухам і суполкам, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле, кожны можа згодна са сваім унутраным дарам знайсці сабе месца не ананімнага верніка, а актыўна ўключыцца ў паўсюдную місію Касцёла. Легіянер, як ніхто іншы, можа дапамагчы падрыхтавацца людзям да споведзі, асэнсаваць і адкрыць яе неабходнасць. Людзі часта прыходзяць у касцёл, каб успомніць родных ці блізкіх, паставіць свечку, а гэта — магчымасць больш зацікавіць іх, паразмаўляць з імі. Але для евангелізацыі легіянер сам павінен быць добра падрыхтаваным. Легіён Марыі за апошнія гады вельмі ўмацаваўся: ладзяцца духоўныя акцыі, адарацыі, рэкалекцыі, пілігрымкі. Гэта вельмі радуе. Я як пробашч бачу ў гэтым вялікую місію і скарб у супольнасці парафіяльнай, калі, напрыклад, Легіён Марыі арганізуе ў парафіі Літургію, у якую зможа ўключыць інфармацыю пра рух, яго дзейнасць. Важна, што ўсе, хто належыць да гэтага руху, пакінуць аб сабе след сведчання любові да Бога і Яго Найсвяцейшай Маці Марыі».

Больш 120-ці легіянераў з усёй Беларусі вельмі плённа правялі гэты час разам. Думаецца, што кожны атрымаў штосьці важнае для свайго духоўнага развіцця, а таксама асалоду ад узаемных зносінаў. Пасля кангрэсу Аксана Кішкурна напісала ў суполцы вайбера: «Для сябе асабіста я атрымала шмат новага. Дзякуй дакладчыкам. Вельмі даступна данеслі шмат карыснай і патрэбнай інфармацыі. Дзякуй усім, хто дзяліўся сваім вопытам. Дзякуй за знаёмства з цудоўнымі людзьмі!» Таццяна Дземчанка таксама ў захапленні ад арганізацыі кангрэсу: «Шчыра дзякуем Пану Богу за тое, што змаглі ўдзельнічаць у кангрэсе. Асабліва хачу падзякаваць Прэзідыуму Маці Божай Шкаплернай. Вельмі ўсё прадумана, адказна, велічна, глыбока, з такой любоўю!» Вельмі трапна выказаў сваё меркаванне і Уладзімір Вайцяховіч: «Уразіла праца арганізатараў і арганізаванасць удзельнікаў. Гэта тое, чаго Бог ад нас чакае. Калі ёсць арганізацыя і арганізаванасць, то будуць і Божыя ласкі, і Яго благаслаўленні». Спадзяёмся на гэта.

Ганна Бычынская.
Фота аўтара і а. Юрыя Находкі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней