70 гадоў назад у вядомым з-за мучаніцкай смерці Андрэя Баболі палескім гарадку Янаў (цяпер Іванава) адбылася вялікая трагедыя і здзейсніўся вялікі подзвіг: ксёндз Вітальд Івіцкі (1884–1943) аддаў сваё жыццё за іншага чалавека падчас расстрэлу гітлераўцамі 38-мі заложнікаў з Пінска. Убачыўшы, што ў групе людзей, прывезеных на экзекуцыю, на аднаго чалавека больш, чым у пададзеным карнікам спісе, кс. Вітальду прапанавалі памілаванне, аднак святар папрасіў замест яго пакінуць жыццё чалавеку, які меў жонку і дзяцей. Сам жа пайшоў пад расстрэл...
Здаецца, час аддаляе ад нас гэтыя падзеі ўсё больш, але боль і памяц робяць адваротнае: вяртаюць з забыцця і здабываюць з маўклівага покрыву дзесяцігоддзяў гісторыю мучанікаў нашага часу. Гэта і выклікала патрэбу выдання кнігі «Аддаць жыццё сваё за братоў: З нагоды 70-й гадавіны мучаніцкай смерці кс. Вітальда Івіцкага» («Pro Christo», 2013), у якой змяшчаюцца жыццяпіс гэтага адважнага святара, зварот біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі з нагоды сумнай гадавіны, а таксама апісанне гістарычнай сітуацыі ў Пінскай дыяцэзіі ў міжваеннае дзесяцігоддзе, складзенае а. Юзафам Макарчыкам OFMConv.
Ганна Шаўчэнка