
Адна з душпастырскіх інтэнцый Святога Айца Францішка на 2025 год — малітва аб мудрым выкарыстанні новых тэхналогій, якія з гадамі ўсё больш замяняюць міжчалавечыя адносіны і не заўсёды прымяняюцца з пашанаю да чалавека. Гэтая праблема сведчыць пра глыбокі духоўны крызіс нашага часу, а магчыма, стала адною з яго асноўных прычынаў… Менавіта таму чарговы — сакавіцкі — нумар часопіса «Ave Maria» мы прысвяцілі ролі гаджэтаў у жыцці сучаснага чалавека.
Як адзначыла рэдактар часопіса Крыстына Лялько ва ўступным слове «Паміж дабрадзейнасцю і спакусаю», за апошнія 70 гадоў «адбыўся вялікі тэхналагічны прарыў, які цяпер у саміх вучоных выклікае сур’ёзную занепакоенасць». Штучны інтэлект, якога не «хвалююць» ні маральныя, ні этычныя аспекты, паталагічная залежнасць ад гаджэтаў, спакуса кіраваць прыродаю і чалавечым быццём — рэдактар акрэсліла асноўныя праблемы, якія закранаюцца на старонках новага нумара часопіса.
«Захапленне гаджэтамі: як не пераступіць мяжу граху?» — у артыкуле з такою назваю ксёндз Андрэй Рылка тонка паказвае, дзе ў выкарыстанні гаджэтаў пачынаецца грэх. Асаблівым чынам аўтар разглядае эмацыйную сферу жыцця чалавека і тыя рэакцыі, якія могуць вылівацца ў дабравольнае шкоднае дзеянне.
У інтэрв’ю «Вызваліць рукі для Божых дароў» ксёндз Андрэй Лысы SChr адказвае на пытанні Тэрэсы Клімовіч пра арганізацыю малітоўнай ініцыятывы «Дні цішыні для Мінска», якую ён праводзіць. Сустрэчы адбыліся ўжо не адзін раз, і святар распавядае пра іх вялікі плён.
Якуб Маеўскі, даследчык і стваральнік гульняў са шматгадовым вопытам, у публікацыі «Пра залежнасць ад камп’ютарных гульняў» аналізуе парадаксальны характар гэтага віду залежнасці, піша пра яе прычыны і разважае пра спосабы вызваліцца ад яе.
Цікавыя сведчанні пра ўплыў інтэрнэту і гаджэтаў на духоўнае жыццё чалавека падаюцца ў матэрыялах Яна Лысага («Як кажуць блогеры: „O tempora, o mores!“»), Паліны Грыб («Усведамленне новага часу»), Іны Бігель («Інтэрнэт — Божы дар»), Вольгі Кулік («Жыццё „Малітоўніка“»).
На «Старонцы псіхолага» сястра Паўла Бобер MSF прапануе чытачам новы цыкл медытатыўных практыкаванняў на тэму «У пошуках Езуса». Чытачы таксама знойдуць іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Школа малітвы» і «Дакументы Касцёла», новыя сведчанні, віншаванні і паэтычныя творы нашых пастаянных аўтараў. На апошніх старонках вокладкі публікуюцца «Малітвы праз заступніцтва благаслаўлёнага Карло Акуціса» — апекуна карыстальнікаў інтэрнэту і праграмістаў, які будзе кананізаваны Папам Францішкам 27 красавіка.
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.