Папа Францішак адышоў у вечнасць

21 красавіка ў 07:35 раніцы Папа Францішак адышоў у вечнасць. Пра яго смерць паведаміў кардынал Кэвін Фарэл, які падкрэсліў, што ўсё жыццё Святога Айца было прысвечана служэнню Богу, Касцёлу і асабліва найбяднейшым.

«Дарагія браты і сёстры, з глыбокім болем мушу абвясціць пра смерць нашага Святога Айца Францішка. У 07:35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў Дом Айца. Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу», — адзначыў кардынал Фарэл.

Пантыфік пакінуў глыбокі след сваім прыкладам вернасці евангельскім каштоўнасцям. «Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнаю любоўю, найперш на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства», — падкрэсліў кардынал.

Кардынал Фарэл выказаў глыбокую ўдзячнасць за сведчанне веры, якое даваў Папа: «З бязмежнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса даручаем душу Папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага і Тройцы».

Папа Францішак (Хорхэ Марыа Берголіа) быў абраны на Пасад святога Пятра 13 сакавіка 2013 года, стаўшы першым Пантыфікам з Лацінскай Амерыкі і першым езуітам на Папскім Пасадзе. За гады свайго Пантыфікату ён стаў вядомы сваёю прастатою, увагаю да бедных і заклікамі да міру.

Святы Айцец працягваў актыўнае служэнне, нягледзячы на праблемы са здароўем у апошнія гады. Яго энцыклікі «Laudato si'» (аб клопаце пра агульны дом) і «Fratelli tutti» (аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве) сталі важнымі дакументамі не толькі для Касцёла, але і для ўсяго свету.

Згодна са шматвяковай Традыцыяй Каталіцкага Касцёла, пасля смерці Пантыфіка пачынаецца перыяд Sede Vacante (Вакантны Пасад). У гэты час кіраванне Касцёлам пераходзіць да Калегіі кардыналаў на чале з кардыналам-камерленга – сёння гэта кардынал Кэвін Фарэл.

На працягу наступных дзён адбудуцца жалобныя цырымоніі, у якіх змогуць узяць удзел вернікі з усяго свету, каб развітацца са Святым Айцом. Адзначым, што Папа Францішак выказваў жаданне быць пахаваным у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ, куды часта прыходзіў маліцца перад абразом Маці Божай «Salus Populi Romani» (Збаўленне Рымскага Народа). Гэта адступленне ад традыцыі апошніх стагоддзяў, калі Пантыфікаў хавалі ў крыпце базылікі святога Пятра.

Паводле: Аляксандр Амяльчэня — Vatican News

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней