
Святы Бэрнард з Клерво, вялікі шанавальнік Маці Божай, сказаў: «Пра Марыю ніколі не будзе зашмат!» Нельга не пагадзіцца з гэтаю думкаю сярэднявечнага багаслова: Багародзіца ўзяла на сябе такі вялікі цяжар, што нам ніколі не хопіць словаў для «дастатковага» Яе ўшанавання... Як амаль штогод, рэдакцыя часопіса «Ave Maria» традыцыйна прысвяціла майскі нумар Найсвяцейшай Панне Марыі, а дакладней, Яе найбольш вядомым аб’яўленням.
Калі пяты нумар часопіса быў ужо ў друкарні, прыйшла сумная вестка пра адыход Папы Францішка ў вечнасць. Рэдакцыя выкарыстала магчымасць змясціць на другой старонцы вокладкі паведамленне з Vatican News пра спачылага Пантыфіка, які пакінуў глыбокі і адметны след у служэнні Богу, евангельскім каштоўнасцям, найбяднейшым і адкінутым людзям. Рэдакцыя заклікае вернікаў да малітвы за Папу Францішка. Няхай Маці Божая прытуліць яго да свайго Беззаганнага Сэрца і правядзе да Езуса Хрыста.
«У гэтым Юбілейным годзе, калі вернікі нашай краіны рыхтуюцца да прысвячэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі, хацелася б прыгадаць словы сястры Люцыі, фацімскай візіянеркі», — піша ў «Слове рэдактара» Крыстына Лялько, акцэнтуючы ўвагу чытачоў на важнасці культу Беззаганнага Сэрца Марыі, праз які Бог жадае выратаваць грэшнае чалавецтва.
Марыя — сапраўдная Правадніца на шляху збаўлення. У Гвадэлупе, у Ля Салет, у Люрдзе і Парыжы, у Меджугор’і і Сан-Дам’яна, а таксама ў многіх іншых мясцінах ва ўсім свеце Яна прыходзіла да сваіх дзяцей, просячы ахвяраваць свае малітвы і цярпенні за грэшнікаў, каб стрымаць Божы гнеў… Нашыя аўтары падрыхтавалі шмат матэрыялаў, у якіх распавядаюць пра пасланне Марыі свету. Гэта артыкулы кс. Робэрта Скшыпчака «Аб’яўленні Марыі — выразны знак часу» (пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько), кс. Андрэя Сіповіча «Да Езуса — праз Марыю», Галіны Калевіч «Гвадэлупская Панна Марыя — Каралева Мексікі», Іны Бігель «Цудоўны дар Марыі», Галіны Горскай «Меджугор’е — месца асаблівай Божай ласкі», а таксама іншыя публікацыі.
Паліна Грыб у сваім артыкуле «Чаму моладзі цяжка разважаць пра Марыйныя аб’яўленні?» аналізуе прычыны таго, што сучасныя маладыя людзі нярэдка адносяцца да сведчанняў пра аб’яўленні як да справаў «сівой даўніны». Яшчэ адзін малады аўтар, Ян Лысы, дзеліцца ўласным досведам Пампейскай навэнны («Пяць прычынаў паразважаць на тэму малітвы»).
У гэтым нумары часопіса чытачам прапануюцца таксама ўрыўкі з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай, дзе апісваюцца візіі Маці Божай («Чым больш я наследую Маці Божую, тым больш спазнаю Бога…»; падрыхтоўка і пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько). У адной з такіх візій Марыя сказала сястры Фаўстыне: «Я — Валадарка неба і зямлі, але найперш — ваша Маці». Як шмат надзеі ўліваюць у сэрца гэтыя словы! Няхай яны суправаджаюць вас, дарагія чытачы, у найбліжэйшым часе, а «Малітвы да Беззаганнага Сэрца Марыі», змешчаныя на апошніх старонках вокладкі, дапамагаюць даверліва адкрыцца на заступніцтва Багародзіцы.
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.