Незвычайны шлях Папы Льва XIV

8 мая Каталіцкі Касцёл сустрэў новага Пастыра. Кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост, які нарадзіўся ў Чыкага 14 верасня 1955 года, быў абраны Папам. Ён стаў першым Пантыфікам са Злучаных Штатаў Амерыкі і першым з Ордэна агустынаў у гісторыі Касцёла.

Новы Папа прыносіць з сабой багаты досвед місіянерскай дзейнасці і адміністрацыйнага служэння. У біяграфіі Роберта Прэвоста асабліва вылучаецца яго доўгатэрміновая праца ў Перу, дзе ён служыў з 1985 года, спалучаючы душпастырскую дзейнасць з адміністрацыйнымі абавязкамі.

Роберт Фрэнсіс Прэвост нарадзіўся ў сям'і са змешанымі каранямі: яго бацька Луіс Марыўс меў французскае і італьянскае паходжанне, а маці Мілдрэд Марцінэз — іспанскае. Гэта міжкультурная спадчына адлюстроўваецца ў яго лінгвістычных здольнасцях: ён свабодна валодае англійскай, іспанскай, італьянскай, французскай і партугальскай мовамі, а таксама чытае па-лацінску і па-нямецку.

Шлях адукацыі Роберта Прэвоста пачаўся ў малой семінарыі айцоў агустынаў, дзе ён скончыў сярэднюю адукацыю ў 1973 годзе. У 1977 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра па матэматычных навуках і дыплом па філасофіі ва Універсітэце Віланова ў Філадэльфіі.

Пасля ўступлення ў Ордэн Святога Аўгустына 1 верасня 1977 года, ён склаў урачыстыя абяцанні 29 жніўня 1981 года. У 1982 годзе ён атрымаў ступень магістра тэалогіі ў Каталіцкім тэалагічным саюзе Чыкага, а пазней, у 1987 годзе, абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме.

Роберт Фрэнсіс Прэвост быў атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 19 чэрвеня 1982 года ў Рыме, пасля чаго пачаў сваё служэнне, якое ахапіла некалькі краінаў і кантынентаў. Яго кар'ера ўключае як душпастырскую працу, так і адміністрацыйныя пасады: ад канцлера дыяцэзіі Чулуканас у Перу да генеральнага прыёра Ордэна Святога Аўгустына, якім ён быў з 2001 па 2013 гады.

Паваротны момант у служэнні Роберта Фрэнсіса Прэвоста адбыўся 3 лістапада 2014 года, калі Папа Францішак прызначыў яго апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Чыклая ў Перу. Пазней, 26 верасня 2015 года, ён быў прызначаны біскупам гэтай дыяцэзіі.

У студзені 2023 года ён быў прызначаны прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў і старшынёй Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы. У тым жа годзе, 30 верасня, ён быў узведзены ў сан кардынала-дыякана, а 6 лютага 2025 года ўвайшоў у лік кардыналаў-біскупаў. Быў членам некалькіх важных ватыканскіх дыкастэрый, што сведчыць аб яго глыбокім разуменні працы Рымскай курыі і глабальных пытанняў Касцёла.

Цяпер, стаўшы 267-м Папам, Роберт Фрэнсіс Прэвост сутыкаецца з новымі выклікамі кіравання Каталіцкім Касцёлам у складаны час глабальных зменаў і выпрабаванняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней