
З 10 мая 2025 года ў сакрыстыі Катэдральнага сабора Найсвяцейшай Панны Марыі ў Таледа (Іспанія), якая ў наш час выкарыстоўваецца як мастацкая галерэя, побач са знакамітай карцінай Эль Грэка «Зрыванне адзення з Хрыста» — адной з самых унікальных мастацкіх выяваў усіх часоў і народаў — можна ўбачыць карціну беларускага мастака Сяргея Шэмета «Х Стацыя Крыжовага шляху. З Езуса здзіраюць адзенне».
Размешчаныя побач, гэтыя мастацкія выявы даюць гледачу магчымасць на ўласныя вочы пабачыць кантрасты ў класічным і сучасным мастацкіх стылях, а таксама ў розных інтэрпрэтацыях сюжэта, у падыходзе да адлюстравання Збаўцы нашага Езуса Хрыста мастакамі, між творчасцю якіх пралягае ажно 450 гадоў. Гэтыя дзве карціны, у аснову якіх пакладзены адзін і той жа евангельскі сюжэт, былі змешчаныя побач невыпадкова. З якой жа нагоды?
Справа ў тым, што ў Катэдральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі ў Таледа адбылося адкрыццё выставы калекцыі «Аблічча Хрыста». Гэтая калекцыя ўключае больш за 240 твораў сучасных мастакоў, якія адлюстравалі постаць Збаўцы нашага Езуса Хрыста.
Збіральнік калекцыі і арганізатар выставы, датчанін Сцін Хайдэман — гісторык мастацтва і менеджэр у сферы арганізацыі мастацкіх выставаў. Ён прысвяціў значную частку свайго жыцця збору гэтай калекцыі, у якую ўвайшлі мастацкія працы 40 мастакоў з розных куткоў свету. На карцінах падаецца сучасная інтэрпрэтацыя вобразу Хрыста, святога Аблічча, пры гэтым паказана і відавочная чалавечая, і невідавочная Боская натура Пана Езуса. Усе творы розныя па сваёй стылістыцы, эстэтыцы і сімволіцы, але іх аб’ядноўвае адна ідэя, яны адпавядаюць аднолькавым па сваёй сутнасці духоўным патрэбам вернікаў.
Выстава праходзіць пад патранатам арцыбіскупа Таледа і прымаса Іспаніі Франсіска Серра Чавэса, які асабіста прысутнічаў на цырымоніі яе адкрыцця. Гэтая культурная падзея прыцягнула ўвагу не толькі вернікаў, духоўных асобаў і аматараў мастацтва, але і прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў. У прадмове, прысвечанай адкрыццю выставы, прадстаўніца ўрада Іспаніі ў рэгіёне Кастылія-Ла-Манча Мілаграс Талон заявіла, што калекцыя, якая цяпер экспануецца ў саборы, «з’яўляецца выдатным сведчаннем жыцця, прысвечанага мастацтву, навучанню і духоўнасці». Яна падкрэсліла важнасць гэтай выставы для ўзмацнення ролі Таледа ў якасці добрага прыкладу захавання і папулярызацыі культурнай і рэлігійнай спадчыны, а такасама замацавання статусу горада як важнага духоўнага і культурнага цэнтра. У прамовах іншых гасцей выставы, у прыватнасці, мэра горада Таледа Карласа Веласкеса, таксама была звернута ўвага на важнасць выставы для развіцця культурнага жыцця горада і зацікаўлення турыстаў. Улады горада спадзяюцца, што гэтая выстава стане добрым падмуркам для заяўкі на атрыманне горадам Таледа статуса культурнай сталіцы Еўропы 2031 года.
Валянцін Глекаў.
Фота з інтэрнэт-крыніцаў.



